Узмацніць і аслабіць Беларусь. Вялікі заходні дэсант і расейскія «Самарканды». «Прасвет» з Сяргеем Пелясою




Вялікі дэсант замежных палітыкаў прызямліўся на гэтым тыдні ў Менску. Навошта ў Беларусь прыляталі міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч і памочнік дзяржаўнага сакратара Злучаных штатаў Уэс Мітчэл ды іншыя палітыкі? Чаму за некалькі дзён да гэтых візітаў Расея абвесціла пра планы размясціць на тэрыторыі Беларусі свою зброю – сакрэтныя комплексы «Самарканд»?

Селектарная нарада міжнароднага ўзроўню. Хто і навошта прабуе ўзмацніць суверэнітэт Беларусі?

Крытыкаваў, папракаў, выказваў крыўды. Аляксандр Лукашэнка ў сваім стылі павітаў замежных гасцей на Мюнхенскай канферэнцыі ў Менску. Уплывовая сустрэча, што мае на меце абмеркаванне асноўных пытанняў міжнароднае бяспекі, сёлета адбылася ў беларускай сталіцы. Ці мае шанец Беларусь ізноў зрабіцца перамоўнаю пляцоўкаю, гэтым разам паміж Захадам і Усходам? Высвятляла Вольга Жарнасек.

Былы амерыканскі дыпламат: «Беларусь становіцца больш безабароннаю»

Улады Беларусі выгналі амбасадара Злучаных Штатаў больш за 10 гадоў таму. Вашынгтон выслаў беларускага пасла ў адказ. Аднак на мінулым тыдні Менск наведаў высокапастаўлены амерыканскі дыпламат – памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Ўэс Мітчэл. А я ў Варшаве пра беларуска-амерыканскія дачыненні паразмаўляў з Дэвідам Крэмэрам, былым памочнікам дзяржаўнага сакратара ў пытаннях правоў чалавека, працы і дэмакратыі.

Расейская зброя на нашым парозе. Супраць каго?

Расейская авіябаза: ад яе размяшчэння афіцыйнаму Менску ўдалося адбіцца. Вайсковы кантынгент, якім пужалі падчас вучэнняў «Захад-2017», таксама адмяняецца. Але ўсё ж такі расейская зброя ў нашай краіне можа з’явіцца – ужо праз год. Крэмль разгортвае сетку найноўшых комплексаў радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд» па сваёй тэрыторыі ды на беларускай. На што здольныя гэтыя напалову сакрэтныя машыны, і чым гэта можа пагражаць Беларусі ды суседзям? Разбіраўся Усевалад Шлыкаў.

Армянскі палітолаг пра беларуска-армянскія дачыненні

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Арменіі Армэнам Саркісянам заявіў, што Арменія заўжды будзе мець надзейных сяброў і партнёраў у выглядзе Беларусі. Ці маюць гэтыя словы грунт пад сабою, а таксама як недэмакратычнаму кіраўніку будаваць адносіны з новай, дэмакратычнай армянскай дзяржавай, Зміцер Міцкевіч запытаўся ў эксперта Армянскага Інстытута міжнародных адносінаў і бяспекі Рубэна Меграбяна.