Ужо не «Партызанфільм», але яшчэ не «Оскар»


Прадзюсарка, стваральніца кінафестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская і вядучы праграмы «Размова дня» Усевалад Сцебурака паразмаўлялі аб змаганні з цэнзурай, намінацыі на «Оскар» і цікавасці рэгіёнаў да беларускага кіно.

Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» мог бы прайсці незаўважаным, калі б не здарыўся гучны скандал. Некалькі прадзюсараў і кінавытворцаў заявілі, што вымушаны адмовіцца ад удзелу ў фестывалі. Усё з-за цэнзуры падчас адбору стужак–удзельніц нацыянальнага конкурсу. Вольга Чайкоўская прызнаецца: яе фільм адзін з тых, якому забаранілі браць удзел у фестывалі.

«Грунтуючыся на той інфармацыі, якую я маю, такі датклівы, вельмі патрабавальны падыход сёлета звязаны з тым, што ў мінулым годзе ў нацыянальным конкурсе перамог фільм «Заўтра» Юліі Шатун. І чамусьці ён вельмі не спадабаўся міністэрству культуры ці можа быць нейкім канкрэтным людзям і яны пачалі вельмі ўважліва сачыць за тым, што будзе паказана ў праграме «Лістападу» беларускай вытворчасці», – распавяла прадзюсарка.

Прадзюсарка зазначыла, што прэтэнзіі да фільмаў былі даволі дзіўныя – беларускую рэальнасць трэба адлюстроўваць па-іншаму. Між тым, менавіта «не аптымістычныя» беларускія кінафільмы прыцягваюць увагу айчынных і замежных гледачоў і крытыкаў. Стужка «Дарога», якая выйшла пад кіраўніцтвам Волі, прэтэндуе на прэмію «Оскар» у намінацыі найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм.

Падрабязней аб дасягненнях і выкліках, з якімі сутыкаецца беларускае незалежнае кіно, у праграме «Размова дня».