У войска будуць браць з лёгкім парокам сэрца, варыкозам і завялікай вагой цела


Міністэрства абароны змяніла патрабаванні да стану здароўя беларускіх прызыўнікоў. Новую інструкцыю апублікавалі на нацыянальным інтэрнэт-партале. У войска трапяць тыя, каго раней лічылі непрыдатным да службы – адразу заявілі шматлікія карыстальнікі сацыяльных сетак.

Хворых у войска ніхто забіраць не будзе, пераконвае Міністэрства абароны. Служыць будуць тыя, каму не забаронена займацца цяжкою фізічнаю працай або прафесійным спортам. Гэтак змены пракаментаваў кіраўнік вайскова-медычнага ўпраўлення Мінабароны Дзмітрый Альховік.

Абмяркуем пытанне з кіраўніком цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алегам Волчакам, які кажа, што на сёння пытанні дзедаўшчыны ў войску адышлі ў бок на фоне пытанняў аб стане здароўя прызыўнікоў:

«Вельмі шмат парушэнняў робіцца лекарамі прызыўных камісіяў. Прызыўныя камісіі – гэта звычайныя лекары, гэта не эксперты, і таму ім усё роўна, што напісаць. У іх стаіць заданне: як мага больш прызыўнікоў адправіць. То бок ёсць нейкі план».

Алег Волчак тлумачыць, што ў лекараў няма зоны адказнасці за тое, што хворыя людзі трапляюць на службу ў войска. Паводле яго, для такой працы трэба запрашаць экспертаў, лекар павінен не толькі рабіць экспертызу прызыўніка, але і несці за гэта адказнасць.

Працяг размовы з Алегам Волчакам – у відэа.

У Беларусі змянілі пералік хваробаў з якімі цяпер бяруць на вайсковую службу: цяпер можна прызываць маладзёнаў з лёгкімі парокамі сэрца, варыкозам, з большым, чым раней, скаліозам, завялікай вагой цела ды некаторымі іншымі праблемамі са здароўем, з якімі не бралі нават у савецкую армію. Ці правільна, што цяпер мяняюць правілы? Мы пацікавіліся ў жыхароў Бабруйску.

Валеры Руселік belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum