У Польшчы паставяць помнікі загінулым беларусам


Гэта будзе памяць пра жахлівыя падзеі 73-гадовай даўніны, якія закранулі беларусаў Беласточчыны ў Польшчы.

На зломе студзеня і лютага 1946 года атрад Нацыянальнага вайсковага задзіночання пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім Буры, спаліў пяць беларускіх вёсак. Загінула 80 чалавек: жанчын, старых, дзяцей. Першай спаленай вёскай была Заляшаны, дзе штогод моляцца за забітых. Сёлета там прайшоў таксама вернісаж выставы «Наша памяць». Яна дакументуе злачынствы Бурага і стан памяці пра тую трагедыю.

Пра злачынствы «Бурага» гутарым у студыі з журналісткай радыё «Рацыя» Валянцінай Лаеўскай, якая здаўна займаецца гэтай справай.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

Спадар Славамір Аксюцік з вёскі Кабылянка на Падляшшы займаецца стварэннем макетаў драўляных цэркваў.

Святыні, якія яго натхнілі, стаяць у суседніх вёсках Міхалоўскай гміны. З якой дакладнасцю ўдалося яму выканаць копіі? Здымачная група паехала праверыць гэта ў цэрквах у Міхалове, Новай Волі і Тапалянах ды ў майстэрні спадара Славаміра.