У Менску забаранілі пахаванні


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

На раніцу 1 траўня – 14 917 афіцыйных выпадкаў інфікавання каронавірусам у Беларусі. Вылечыліся 2918 чалавек. Аднак не ўдалося ўратаваць 93 асобы – толькі афіцыйна. Хутчэй за ўсё, не трапіла ў статыстыку спадарыня Людміла, маці Таццяны Маладдзянавай з Менску. У даведцы аб смерці дактары не напісалі каронавірус у якасці галоўнай прычыны. Спадарыня Таццяна была ў нашым эфіры 18 красавіка і распавядала пра жахлівыя ўмовы ў шпіталі, дзе ляжала ейная маці, 24 красавіка маці памерла. Хавалі спадарыню Людмілу ў закрытай труне па-за Менскам, бо ў сталіцы прадугледжаная крэмацыя для тых, хто хварэў на «Ковід-19». Таццяна Маладдзянава жадае дапамагчы іншым, таму праз боль гатовая апавядаць сваю гісторыю.

Дацэнт кафедры дзіцячых інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага медычнага ўніверсітэту з Кіева Віталь Еўтушэнка аналізуе беларускую статыстыку. Невялікі адносна лік памерлых ад каронавіруса можа быць звязаны з тым, што ў якасці прычынаў смерці ўпісваюцца іншыя дыягназы. Рызыкуюць самыя медыкі, спіс памерлых таксама расце. Як беларуская сістэма аховы здароўя падрыхтаваная да таго, каб бараніць свае кадры і беларусаў? На гэтае пытанне адказвае доктар з Горадні Уладзімір Пруднікаў.

А гарадзенцы ацэньваюць загад кіраўніка краіны пра тое, што дзеці мусяць хадзіць у школу, нават 1 траўня. Мы адказваем на пытанні гледачоў: спраўджваем інфармацыю пра захворванне ў Гомельскім каледжы мастацтваў ды масавае інфікаванне ў Акцябрскім. Жыхарка гэтага гораду Вольга Павук стварыла чат, у якім людзі могуць абменьвацца інфармацыяй.

А мы збіраем любыя факты пра каронавірус і заахвочваем да ўдзелу ў праграме «Белсат» Zoom». Пішыце на наш электронны адрас: BELSAT@GMAIL.COM .

На сённяшні эфір запрашае Сяргей Падсасонны.

Калаж з фота: Radoslaw Nawrocki / Forum