У Менску адбылася першая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі «Празрысты ЭОЛ»


А зараз пераносімся Менск, там сёння – сапраўдная культурніцкая падзея! У гэтыя хвіліны ўзнагароджваюць пераможцаў новай прэміі за электронную ды онлайн-літаратуру «Празрысты ЭОЛ». Прэмію заснаваў часопіс ЛітРАЖ і шэраг пісьменнікаў. Падрабязнасці з імпрэзы – у нашай калегі Аляксандры Дорскай.

Аляксандра Дорская, журналістка: Мы знаходзімся ў галерэі Tut.by. Тут уручаюць зусім новую для Беларусі прэмію «Празрысты ЭОЛ». ЭОЛ расшыфроўваецца як электронная і онлайн-літаратура, гэта прэмія за тэксты, апублікаваныя ў сеціве. Заснавальнікам і ідэйным натхняльнікам прэміі з’яўляецца Макс Шчур, пісьменнік.

Макс Шчур Родам з Берасця, ён паэт, пісьменнік, драматург, перакладчык. У 1997 годзе быў вымушаны зʼехаць з Беларусі, атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, і апошнія, наколькі ведаю, 20 гадоў, ён жыве ў Празе і прысутнічае ў беларускай культурніцкай прасторы толькі віртуальна. Ён таксама лаўрэат прэміі Гедройца і заснавальнік літаратурнага онлайн-часопіса «Вітраж». І каб падтрымаць такія літаратурныя онлайн-выданні, ён і заснаваў гэтую прэмію.

Пераможцы атрымліваюць празрыстую статуэтку – празрыстага ЭОЛа. Арганізатары паспрабавалі ахапіць усе жанры, ажно 16 намінацыяў, паэзія, проза, літаратуразнаўства, крытыка і розныя літаратурныя праекты. Намінавана было больш за паўсотні тэкстаў. Першымі пераможцамі сталі Віктар Жыбуль, Ігар Папкоў, Ганна Севярынец. Сам Макс Шчур з ягоным часопісам «Вітраж» атрымаў свайго празрыстага ЭОЛа.

Узнагароды ўручаюцца па оскараўскім прынцыпе: Макс Шчур заснаваў віртуальную Акадэмію – больш за 50 беларускіх творцаў, крытыкі, паэты, пісьменнікі… І такой вялікай супольнасцю таемным галасаваннем яны абіраюць пераможцаў…

Працяг размовы – у відэа.

belsat.eu

Фота: старонка прэміі «Празрысты ЭОЛ» у Facebook