У Менск завітаў сябар Лукашэнкі Ільхам Аліеў


Вяртаемся да тэмы візіту кіраўніка Азербайджану Ільхама Аліева ў Менск. Дзе пануе поўнае ўзаемаразуменне ва ўсіх сферах. Узаемны гандаль квітнее, палітычная падтрымка на міжнароднай арэне ёсць, культурныя абмены ажыццяўляюцца. Адзін пазітыў. Праўда гэта ці не, высветлім разам з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім, кіраўніком інфармацыйных праектаў агенцтва БелаПАН.

Ці ёсць хоць нейкая лыжка дзёгцю ў гэтай бочцы мёду беларуска-азербайджанскіх адносінаў?

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Паміж двума аўтарытарнымі лідарамі – поўнае ўзаемаразуменне. І не толькі нават прычына ў тым, што добра ідзе бізнес (Азербайджан за зброю ў прыватнасці спраўна плаціць), але яшчэ і сапраўды такая духоўная еднасць, бо гэта два кіраўнікі, якія вызнаюць жорсткі аўтарытарны стыль. Яны без слоў адзін аднаго разумеюць. А лыжкаю дзёгцю можна назваць рэакцыю Арменіі, цэлы скандальны сюжэт закруціўся, пачатак яшчэ з саміту АДКБ. […] Сёння Нікол Пашынян, армянскі лідар, зноў выказаўся з абурэннем, што ён не дасць ставіцца да Арменіі як да малой краіны. […] І калі з Пуціным Лукашэнка сустракаецца, то таксама гучаць фразы і пра сяброўства, і пра шчырасць, і пра векавыя сувязі. Але відавочна, што ўсё гэта гучыць фальшыва. А вось у выпадку з Аліевым, мне здаецца, што дастаткова шчырыя пачуцці, (наколькі яны ўвогуле ў такіх цынічных палітыкаў могуць быць) у Лукашэнкі, бо быў выпадак, калі простай мовай кажучы Аліеў напавер даў яму 200 млн долараў (у чэрвені 2010 года) пасля новай газавай праблемы з Расеяй. […] Для аўтарытарных кіраўнікоў гэта проста, ён адзінаўладны гаспадар, таму магчымы быў такі шырокі жэст…»