У Маскве абвясцілі паляванне на ўдзельнікаў пратэстаў


Расейская ўлада шукае рычагі ціску на ўдзельнікаў шматдзённых пратэстаў, якія прымусяць іх застацца дома.

Напярэдадні акцыі 3 жніўня было прынята рашэнне пасадзіць на кароткія тэрміны лідэраў апазіцыі.

Цяпер, калі стала зразумела што арышты лідэраў не даюць чаканых вынікаў, пачаўся ціск сілавікоў на радавых грамадзян. Федэральная служба судовых прыставаў правяла дэманстрацыйныя рэйды па кватэрах грамадзянаў, якіх затрымалі на акцыі пратэсту яшчэ 27 ліпеня ў Маскве.

У іх знайшлі запазычанасці на агульную суму ў 26 мільёнаў расейскіх рублёў, 16 мільёнаў – гэта даўгі банкам. Задача прыставаў падчас абыходу кватэр – усталяваць маёмасны стан удзельнікаў акцыі. Тых, каго цікаўныя прадстаўнікі сілавых структур не заспелі дома, збіраюцца аб’явіць у вышук. Дагэтуль Следчы камітэт паведаміў, што знайшоў 134 маладых чалавекі, якія пазбягаюць прызыву ў войска.

Таксама ўвагу генеральнай пракуратуры прыцягнулі Зміцер і Вольга Праказавы. Яны апынуліся героямі прапагандысцкага роліку, аўтар якога абвінаваціў маладых людзей у датычнасці да каардынацыі пратэсту. Пры гэтым на бульвары муж і жонка прыйшлі са сваім аднагадовым сынам.

У выніку супраць мужа і жонкі распачалі крымінальную справу па двух артыкулах – пакіданне ў небяспецы і невыкананне абавязкаў па выхаванню непаўналетняга. Абодва артыкулы могуць прывесці да перадачы ўсіх дзяцей Праказавых ў дзіцячы дом.

Многія відавочцы і ўдзельнікі маскоўскіх пратэстаў лічаць, што ціск улады – гэта праявы яе страху.

«Адчуванне панікі ў мэрыі і адміністрацыі прэзідэнта ёсць, як і ёсьць у іх адчуванне, што за імі сіла, якую цяпер неабходна ўжыць. Але гэта прымяненне настолькі празмернае, што гэта ўжо тэрарызм. Гэта значыць, мы можам назваць Расею тэрарыстычнай дзяржавай», – лічыць аналітык Арцём Тарчынскі.

Апошнім часам назіральнікі адзначаюць, што маскоўскі АМАП пачаў падчас разгону пратэстных акцый выкарыстоўваць вопыт суседняй краіны. Беларускія эксперты ўспамінаюць трох апанентаў Лукашэнкі – былых кіраўнікоў МУС і ЦВК Беларусі, а таксама бізнесмена, які фінансаваў дзейнасць апазіцыі. Яны былі выкрадзеныя невядомымі і следчыя так і не змаглі іх знайсці. Таксама пратэсты ў Менску ў 2010 – 11 гадах былі разагнаныя з рэдкай для Еўропы жорсткасцю, а лідэры апазыцыі селі ў турму на працяглыя тэрміны.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у сваю чаргу ўпэўнены, што Беларусь не параўнаць з Расеяй па ўзроўні жорсткасці рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці. «Можна ўспомніць «эскадроны смерці» і «зніклых» палітыкаў і журналістаў. Можна ўспомніць крымінальныя справы за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», – нагадвае ён.

Пры гэтым усё часцей можна пачуць заклікі больш уважліва паставіцца да беларускага досведу, бо Расея як раз падыходзіць да рысы, за якой стануць магчымыя сапраўдныя жорсткія рэпрэсіі.

Марыя Лекух/АА belsat.eu