Ці перакрычалі ўкраінцы беларусаў на міні-футболе?


Футбольныя еўракубкі гэтаю восенню ў Беларусь не завіталі: нашыя клубы пакінулі іх яшчэ ўлетку на этапе кваліфікацыі. Затое міні-футбольная Ліга чэмпіёнаў з’яўляецца ў Менску ўжо другі месяц запар.

У кастрычніку палац спорту «Уручча» прымаў асноўны этап гэтага турніру ў межах адной з групаў. «Сталіца» тады сталася найлепшай і выйшла ў наступны, элітны раўнд.

І зноў лёс наканаваў менскаму клубу быць гаспадаром свайго пулу. Да нас прыехалі магутная «Барсэлона», а таксама чэшская «Спарта» і чэмпіён Украіны «Херсон». Апошні, дарэчы, прывёз у Беларусь буйны фан-сектар:

«Клуб паклапаціўся – і ўсе адданыя заўзятары прыехалі. Але гэта толькі малая частка ад усіх, хто ёсць. Ну, хто здолеў, той прыехаў».

«Людзі сабралі фан-сектар, які часта бывае на выязных гульнях у чэмпіянаце Украіны. Асноўны касцяк прыязджае. Так склаўся лёс, што мы прыехалі да вас».

«Дабіраліся аўтобусам, які нам зарганізаваў клуб. Мы з клубам – адзінае цэлае. Куды б ён ні ехаў, мы заўсёды за ім. Сюды мы дабіраліся гадзінаў 20, увогуле не праблема!» – распавядаюць заўзятары МФК «Херсон».

І ўсё ж фан-сектар гаспадароў быў большым, хаця не заўсёды гучнейшым. Цікава, што некаторыя аказаліся на ім дзякуючы сваім дзецям:

«Калі мой сын пайшоў займацца, стаў гуляць за гэтую каманду на пазіцыі брамніка, я прыйшоў на фан-сектар. Падаравалі сёння майку. Заўзеем за нашых, спадзяёмся! Разам можам, разам пераможам!» – дзеліцца Міхаіл, заўзятар МФК «Сталіца».

На жаль, гэтым разам не перамаглі. Чэмпіёны Украіны не валодалі каласальнаю перавагай, але ў двух эпізодах скарысталіся дзіркамі ў беларускай абароне. Прычым забілі на адной і той жа, 16-й хвіліне абодвух таймаў. Такая вось магія лічбаў. «Сталіца» ж адказала на гэта толькі адным трапным стрэлам. А яшчэ гаспадары ўмудрыліся атрымаць дзве чырвоныя карткі.

Адзіны бразілец у складзе «Сталіцы» 38-гадовы ветэран Бэту нават пасля прагулянага матчу выглядаў па-лацінаамерыканску пазітыўным. Але быў фактар, які яго ўсё ж засмуціў:

«Гэты сезон для мяне досыць складаны. Трэнер практычна не ставіць мяне ў склад. Я не разумею, чаму гэта адбываецца, хоць і паважаю рашэнні трэнера. У гэтым матчы мяне таксама паставілі гуляць толькі пад канец. Можа, калі б я гуляў з першых хвілінаў, усё атрымалася б».

Галоўны трэнер МФК «Сталіца» Яўген Осінцаў патлумачыў недахоп гульнявога часу для бразільца тактычнымі прычынамі:

«Гульцы «Херсону» вельмі жвавыя. На першых хвілінах Бэту было б складана за імі паспяваць. Быў такі план на гульню, каб у першым тайме яны зраўняліся паводле сваіх фізічных якасцяў. Бэту павінен быў згуляць ролю ферзя: выйсці і забіць. Нешта атрымалася, нешта не».

Параза ад «Херсону» фактычна не пакідае «Сталіцы» іншага шляху да перамогі ў групе, акрамя як браць максімальную колькасць пунктаў у двубоях са «Спартай» і «Барсаю». Зрабіць гэта будзе вельмі складана.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu