Трэцяе вока Лукашэнкі. Сцяпан Святлоў у «Суб'ектыве»


Момант ісціны! Так назваў Лукашэнка сустрэчу з Пуціным. Толькі замест ісціны беларусы і расейцы пабачылі «шоу на лёдзе». Хто перамог у бітве: Лукашэнка – кіраўнік з вясковаю хітрынкай ці Пуцін – прэзідэнт – спецыяліст па кдбісцкіх штучках?

Нарэшце ў лютым завіравала палітычнае жыццё кіраўніка Беларусі, а то ў студзені або калгасыш або хакейш. Цяпер жа Лукашэнка мае цікавейшы выбар: або Амерыка або Расея. У першы дзень месяца Сінявокую наведаў дзяржсакратар ЗША, а сёння Лукашэнка – з візітам у Маскве. У сувязі з гэтым нават у праўладных журналістаў узнікла пытанне:

«Дык куды ж усё ж такі глядзіць сёння Беларусь»?

Звычайна чалавек глядзіць у адным кірунку, але ў нас… незвычайны прэзідэнт!

«Калі вы ўважліва паглядзіце, у мяне адно вока адрозніваецца ад другога», – казаў раней прэзідэнт.

І глядзяць яны, відаць, па-рознаму: «Мы глядзім вакол», – казаў Лукашэнка. Каб вакол глядзець, трэба трэцяе вока мець. Дзе яно ў Лукашэнкі, можна здагадвацца па тым, што ён бачыць: «Яны там у позу сталі і спрабуюць нас паставіць на калені». Вось у гэтае логавішча сябра і паехаў Лукашэнка:

«Мы хочам проста чэсных, чыстых і празрыстых адносінаў».

З жаданнем паразмаўляць пра высокія адносіны Лукашэнка і прыляцеў у Сочы, апрануты ў колеры расейскага сцягу. Але ў гадзіну пік на сустрэчу да Лукашэнкі не прыйшлі ні расейскія міністры, ні «сябар» Пуцін. Чаму? Мы запыталі ў жыхароў Магілёва:

«Не вельмі ён яго паважае, як і мы ўсе!»

«Яго ўжо не паважаюць нідзе ў свеце. Трэба абіраць іншага».

«Яго не ставяць ні ў грош».

«Без павагі ставіцца да нашага прэзідэнта».

«Яны проста хочуць Лукашэнку падламаць і забраць Беларусь».

«Сама сустрэча пакажа, як ён ставіцца, добра ці кепска».

Сустрэча адбылася ўсяго-та праз 3 гадзіны. Лукашэнка – пры поўным парадзе, у гальштуку, і з непрыхаванаю зайздрасцю:

«І шанціць жа вам! І снегу мора. У нас там, дзе я жыву, амаль не засталося снегу».

Што ў перакладзе значыць: «І шанціць жа вам! І снегу і нафты мора. У нас там, дзе я жыву, амаль не засталося снегу і нафты». А ўжо праз некалькі хвілінаў на Лукашэнку не засталося і гальштуку. Затое пасля доооўгачаканага вітання Лукашэнку чакаў сняданак: радыска, цыбуля і кашка, прыпраўленая каментаром Пуціна:

«Кашку сутра ели?»

Лукашэнка: «Не на воде же».

Пуцін: «Почему? Вкусно очень. Вы попробуйте, вам понравится».

На намёк пра кашку на вадзе, паводле беларусаў, Лукашэнка павінен Пуціну годна сказаць, па-мужыцку:

«Ды пайшоў ты!»

«Беларусь незалежная, мы не будзем прагінацца».

А як скажа?

«Ды нічога ён па-мужыцку не можа. Мужык так сябе не паводзіць!»

«Паездка ягоная ў Сочы – гэта выпрошваць крошкі з барскага стала».

«Будзе як заўсёды прасіць: грошы, нафту, крэдыты».

«Давай будзем разам».

«Там ён добра ставіцца, там размаўляе, а як прыедзе сюды ў Беларусь – няславіць, аблівае іх брудам».

«Давай вып’ем як належыць у нас, у славянаў!»

Але накрытая Пуціным паляна не спрыяла перамовам па-славянску. Ці не рэакцыя гэта на паводзіны Лукашэнкі? Летась ён да Пуціна прыехаў з мяхамі бульбы, а сёлета – на недыпламатычную сустрэчу прыехаў з падазроным дыпламатам. Замест перамоваў пра газ і нафту Пуцін прапанаваў Лукашэнку, у якога праблемы з каленам, пагуляць у хакей.

Кіраўнікі краінаў гулялі за белых і выйгралі з лікам 13:4. Паелі, пагулялі і нарэшце а 19.30 перамовы пачалі. Вынік невядомы, затое вядомыя ўмовы: інтэграцыя наўзамен за зніжкі. А інтэграцыя нам пагражае не толькі адзінаю краінаю, але і адзіным кіраўніком:

«Я з павагаю стаўлюся да Пуціна, Лукашэнка – гэта не прэзідэнт».

«Пуцін моцны прэзідэнт».

«Нельга, ні ў якім разе, Пуцін ужо аджыўшы… нічога там не значыць».

А, можа, Лукашэнка?

«Я б увогуле не хацеў, каб нечым кіраваў Лукашэнка».

«Ніколі ён не будзе кіраваць. Па-мойму, ён дажывае апошнія дні як палітык».

«Не, не, не трэба, яны яго заб’юць. Гэта дакладна. Там усе метады добрыя, гэта ж не Беларусь».

Вольга Старасціна, Сцяпан Святлоў belsat.eu

Калаж з фота: HENRY NICHOLLS / Reuters / Forum