«Там ёсць студэнты, вучань аптэкара, фельчар». Кім былі паплечнікі Кастуся Каліноўскага?


 

На нашай старонцы belsat.eu з’явіўся медыяпраект, прысвечаны паўстанцам, якіх 22 лістапада ўрачыста пахаваюць у Вільні. У студыі журналіст belsat.eu і стваральнік інтэрактыўнай мапы Юрый Высоцкі.

«Апошні кароль Літвы» і ягоныя паўстанцы. Каго пахаваюць побач з Каліноўскім?

Юрый Высоцкі, стваральнік мапы, журналіст, belsat.eu:

«Я не адмысловец у пытаннях паўстання, але скажу, што падчас працы над гэтай мапай я даведаўся значна больш, чым падчас навучання ў школе. Паўстанне звязанае звычайна з Каліноўскім, і ўсё вакол Каліноўскага круціцца. А хто гэтыя людзі? Хто гэтыя паўстанцы? Таму мы ў рэдакцыі вырашылі, што трэба зрабіць такі кропкавы інфармацыйны праекцік, каб людзі разумелі, што Каліноўскі – не адна асоба. Вакол яго былі сотні, тысячы людзей, якія яго падтрымлівалі, ахвяравалі сваё жыццё. […]

Я быў моцна здзіўлены, калі пачытаў біяграфіі гэтых людзей, таму што там ёсць і студэнты, і вучань аптэкара, фельчар, і былыя вайскоўцы, людзі шляхетныя і не вельмі, людзі з паходжаннем або з бізес-асяроддзя таго часу. Узрост большасці гэтых людзей – ад 19 да 36 гадоў. Толькі дзве асобы сярэдняга ўзросту: 40 і 53 гады…»

22 лістапада «Белсат» рыхтуе вялікую трансляцыю з урачыстасцяў у Вільні, дзе адбудзецца пахаванне паўстанцаў 1863-1864 гадоў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага. Урачыстасці адбудуцца на найвышэйшым узроўні, удзел возьмуць прэзідэнты Літвы і Польшчы.

Што ж да Беларусі, то літаральна напярэдадні з допісу ў Facebook Міністэрства замежных справаў стала вядома, што афіцыйную беларускую дэлегацыю ўзначаліць віцэ-прэмʼер Ігар Петрышэнка. Таксама толькі ўчора, за 4 дні да ўрачыстасцяў, афіцыйны Менск урэшце перадаў вынікі экспертызы (у тым ліку ДНК) з магчымага пахавання Віктара Каліноўскага ў Свіслачы. Размаўляем з рэдактарам часопісу «ARCHE» Валерам Булгакавым.

Валера Руселік belsat.eu