Сямʼя інвалідаў адваявала дзіця ў чыноўнікаў і распачала мастацкі бізнес. Дапаможам ім з продажам?


Пра сям’ю Ганны ды Анатоля Бахураў з Івацэвічаў мы распавядалі паўтара года таму. Тады ў іх – інвалідаў першае групы – нарадзіўся здаровы хлопчык Косця.

Медычная камісія палічыла сужэнцаў няздольнымі выконваць бацькоўскія абавязкі, і немаўля хацелі забраць. Рэзананс у медыях прывёў да ўмяшання ў сітуацыю тагачаснае міністаркі працы ды сацыяльнае абароны Марыяны Шчоткінай, і Косця застаўся з бацькамі. Цяпер, калі малы троху падрос, Ганна і Анатоль намерыліся распачаць невялічкі бізнес. Спадарыня Бахур – мастачка, і яна мае адмысловым спосабам пераносіць свае творы на кубкі. Такім чынам сям’я нашых герояў збіраецца зарабіць на годнае жыццё для сябе і Косці.

Глядзіце сюжэт ад 12:15. Калі хочаце дапамагчы, пішыце на адрас hanna.bakhur@gmail.com

Таксама ў праграме «Маю права»:

Конкурс на памятны знак у Курапатах падзяліў грамадзянскую супольнасць

Налета споўніцца 30 гадоў з таго часу, як стала вядомаю страшная праўда пра Курапаты – месца масавых расстрэлаў пад час сталінскіх рэпрэсіяў. За гэты час урочышча стала сапраўдным народным мемарыялам. Але толькі сёлета Міністэрства культуры абвясціла конкурс эскізаў памятнага знаку «Курапаты».

Праўда, падаваць распрацоўкі на конкурс, зарганізаваны дзяржаваю, шмат хто з айчынных творцаў гатовы толькі з шэрагам умоваў. Іншыя прадстаўнікі грамадзянскае супольнасці лічаць, што варта скарыстацца гэткаю магчымасцю дзеля аднаўлення гістарычнае памяці ды справядлівасці.

Аштрафаваны за Дзень Волі намагаецца даказаць сваю невінаватасць

Жыхар Мар’інай горкі Зміцер Купрыянчык прыехаў 25 сакавіка ў сталіцу праз уласныя справы. Аднак атрымалася, што хлопец апынуўся не ў тым месцы і не ў той час.

Разам з сотнямі іншых грамадзянаў Змітра затрымалі міліцыянты, і ён трапіў у «судовы канвеер». На судзе супраць яго сведчылі зусім не тыя праваахоўнікі, якія праводзілі затрыманне, а ў рапарце былі фактычныя памылкі. Разам з тым на пастанову суддзі гэта ніяк не паўплывала. Змітра пакаралі штрафам за парушэнне парадку на масавых акцыях. Сабраўшы доказы сваёй невінаватасці, хлопец намерыўся абскардзіць затрыманне і скасаваць штраф.

Br 1,5 на дзень. Як пражыць на дапамогу для беспрацоўных?

У сакавіку кіраўнік краіны даручыў да першага траўня ўладкаваць усіх беспрацоўных. Аднак паводле афіцыйных звестак колькасць беспрацоўных не толькі не скарацілася, а павялічваецца трэці месяц запар.

Максімальная дапамога беспрацоўным складае 46 рублёў, або 23 еўра. Мы запыталіся ў менчукоў: як пражыць на дапамогу для беспрацоўных?

Знесці бар’еры ў галовах… Інвалід-вазочнік мае намер пакараць клуб за дыскрымінацыю

30-гадовы Арцём Найдзен з-пад Ліды на вазку ўжо два гады. Прычына – аварыя, у якой ён пашкодзіў спінны мозг.

Траўма не перашкаджае Арцёму весці актыўны лад жыцця і займацца бізнесам. Паводле маладзёна, зазвычай людзі пазітыўна рэагуюць на ягоную асобу. Аднак нядаўна сеціва абляцела сумная гісторыя пра тое, як нашага героя не пусцілі ў менскі клуб «Rich Cat». Прычынаю таму – ягоны вазок. За абразу сваёй годнасці Арцём мае намер судзіцца з клубам. Магчымую грашовую кампенсацыю ад клубу малады чалавек хоча накіраваць на дабрачыннасць.