Суседзі пакрыўдзяцца? Рыхтуюць новы беларускацэнтрычны курс гісторыі Беларусі


БНР – гэта добра. І БССР – добра. Гэтак лічаць стваральнікі пяцітомніка аб гісторыі беларускай дзяржаўнасці, які стане асновай новага навучальнага курсу для студэнтаў вышэйшых навучальных установаў.

Загадчык цэнтру Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянцін Голубеў распавядае, чаму новы курс будзе лепшы за стандартную «Гісторыю Беларусі».

«Мы зыходзім з таго, што ў нашай гісторыі нічога дрэннага не было. Усё, што было, – гэта нашая гісторыя. Мы б хацелі гэта ацаніць рэальна, любую вяху на шляху да Рэспублікі Беларусь паказаць аб’ектыўна. Мы хочам паказаць і спробы нашых беларускіх нацыяналістаў, якія будавалі Беларускую Народную Рэспубліку, і спробы беларускіх нацыянал-камуністаў, якія ў Петраградзе і Маскве ў гэты ж час там дабіваліся таго, каб зрабіць хоць нейкае нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэнне», – тлумачыць Валянцін Голубеў.

На новы курс плануецца аддаць больш часу ў параўнанні з тым, што існуе сёння. Усе гістарычныя падзеі разгледзяць праз оптыку нацыянальных інтарэсаў, зазначае госць «Размовы дня».

«Мы глядзім на Полацкае княства не так, як раней расейскія гісторыкі пісалі: «адно з княстваў Кіеўскай Русі». Не, мы даказваем, што Полацкае княства такая ж самастойная дзяржава, як і Кіеўскае княства ці Вялікае Наўгародскае княства. Мы зыходзім з таго, што ўсё, што рабілася на карысць Беларусі, – добра. І нашая задача цяпер якраз-такі паказаць не адмоўнае, не тое, што не зроблена, не тое, чаго не маглі зрабіць, – але тое, чаго яны дасягнулі», – падкрэслівае спадар Голубеў.