Суд адмовіў першакласніцы ў праве на беларускамоўную навуку ў сваім раёне


У Менску адбыўся круглы стол «Абарона правоў сям’і і дзяцей. Сацыяльна небяспечнае становішча (СНС) – гэта пакаранне ці абарона?». З намі на сувязі праваабаронца Наталля Шкадун, якая была на месцы:

«Часта дэкрэт нумар 18, каторы мы разглядалі, выкарыстоўваецца як рэпрэсіўны механізм уздзеяння на сям’ю, на дзяцей. І вельмі часта ў спіс сацыяльна небяспечных трапляюць абсалютна нармальныя дзеці і семʼі. Гэта сітуацыя ненармальная. […] Часта здараюцца сітуацыі, асабліва ў адносінах да актывістаў грамадскіх, калі зʼяўляюцца такія парушэнні, якіх няпоўнагадовыя не чынілі. Да гэтага таксама трэба прыцягнуць увагу…»

Матэрыял Юліі Цяльпук

Навучацца на роднай мове і ў школе побач з домам, падаецца, натуральнае жаданне. Аднак на справе рэалізаваць сваё права на адукацыю па-беларуску атрымліваецца далёка не заўжды. Суд Чыгуначнага раёну Гомля адмовіў першакласніцы Аляксандры Макрэнцы ў праве на беларускамоўную навуку ў сваім раёне.

Будзільнік даводзіцца ставіць на 06:00 раніцы, каб своечасова трапіць у школу на іншым канцы гораду… Шасцігадовая Аляксандра штодня едзе 7 кіламетраў за ведамі на беларускай, бо ў школе побач…

«Праблема арганізаваць навучанне па-беларуску, у іх не хапае настаўнікаў», – кажа Сяргей Макрэнка, бацька Аляксандры.

Сям‘я Макрэнкаў з Гомля дайшла да суда, бо не дамаглася стварэння беларускага класу для сваёй дачкі Аляксандры ў школе паблізу. Чыноўнікі, якія выслалі дзіця ў далёкі шлях па веды, лічаць, што гэта годная альтэрнатыва.

«У Гомлі створаныя ўмовы для функцыянавання і далейшага развіцця беларускай мовы, бо ўжо трэці год функцыянуе гімназія», – гаворыць Алена Рэзнік, Упраўленне адукацыі гомельскага гарвыканкаму.

А ў расейскамоўных школах…

«Пачынаючы з другога класа ў нас аднолькавая колькасць гадзінаў на вывучэнне рускай і беларускай мовы, гэта 5 гадзінаў», – каментуе Таццяна Даманчук, дырэктарка школы № 5, Гомель.

Адно што іншыя прадметы там выкладаюць не па-беларуску. Забяспечваць права навучацца па-беларуску мусіць КОЖНАЯ ўстанова – кажа адмысловец.

«Гэта не праблема бацькоў. Гэта праблема чыноўнікаў – забяспечыць навучанне на адной з дзяржаўных моваў (у нашым выпадку – беларускай), нават калі на такое навучанне прэтэндуе адзін вучань у класе», – гаворыць Леанід Судаленка, праваабаронца.

Гэта паводле Канстытуцыі, у якой роўныя правы надалі абедзвюм дзяржаўным мовам – расейскай і беларускай. Дырэктарка школы нумар пяць адмову ў стварэнні беларускага класу абгрунтавала незапатрабаванасцю яго ў іншых анкетаваных бацькоў. Некалькі дзясяткаў анкет аказаліся запоўненыя адным почыркам, і патлумачыць гэтага адказчыцы не змаглі. Казалі пра рэчы другасныя: маўляў, навучанне адной у класе нашкодзіць дзіцяці.

«Тыя ж самыя гадзіны фізкультуры, музыкі і той час які яна знаходзілася б у групе падоўжанага дня – яна б усё роўна была ў калектыве», – гаворыць Сяргей Макрэнка, Бацька Аляксандры.

Суддзя Ілля Свірыдаў не задаволіў пазову. Але беларускамоўная супольнасць адзначыла пэўны судовы прагрэс.

«Суддзя працэс вёў на беларускай мове. Гэта зрух для Гомля вельмі значны», – каментуе Алесь Яўсеенка, праваабаронца, Беларускі хельсінкскі камітэт.

І другое, што разгляд скаргі сям’і Макрэнкаў атрымаў рэзананс.

«Трэба ісці ў суд каб справам надзялялася ўвага і каб праблема таго што ў Беларусі няма беларускамоўнай адукацыі, асвятлялася і пра гэта казалі», – каментуе Алеся Аўласевіч, кіраўніца Таварыства беларускай мовы, Гомель.

Бо да беларускамоўнай адукацыі людзі ўжо саспелі:

«Канешне, бо беларуская мова нашая родная».

«Трэба любіць сваю Радзіму і сваю мову».

«Я лічу што беларуская мова павінная быць паўсюль».

«Гэта трэба. Вось як ва Украіне ўсё па-ўкраінску, у Польшчы ўсё па-польску, а ў нас усё мае быць па беларуску».

Засталося толькі пайсці грамадству насустрач і стварыць умовы.