«Слядамі Каліноўскага». Дзе Каліноўскі вырашыў стаць паўстанцам?


«Слядамі Каліноўскага» – спецпраект, адмыслова падрыхтаваны з нагоды цырымоніі перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў. Журналіст «Белсату» Сяргей Падсасонны наведаў 5 найважнейшых мясцінаў з жыцця Кастуся Каліноўскага.

Частка 2. Якушоўка і Свіслач

У 1849 годзе бацька Сымон набывае маёнтак Якушоўка Ваўкавыскага павета. Робіцца не арандатарам, а зямельным уладальнікам. Сюды з Мастаўлянаў перавозяць абсталяванне фабрыкі. Маляўнічае месца на пагорку. За рачулкай Ятвязь пачынаецца Белавежская пушча.Тут адбылося зацверджанне Каліноўскіх у дваранскім званні. Якушоўка засталася за Каліноўскімі і пасля паўстання. Але сам маёнтак згарэў перад Першай сусветнай вайной.

Кажуць, што ліпавую алею пасадзіў асабіста Кастусь. На месцы, дзе быў фальварак, усталяваныя памятныя крыж і камень. У 90-я паўстаў праект адраджэння сядзібы як музею, аднак планы гэтак і засталіся планамі.

З Якушоўкі блізка да Свіслачы, – 11 км – дзе вучыліся сыны. Тагачасную Свіслач можна пабачыць на малюнку Напалеона Орды. Гэта быў цэнтр гандлю і жыцця, горад, які нагадваў сваёй прыгажосцю заходнюю Еўропу. Свіслацкая гімназія, дзе вучыліся браты Каліноўскія, была вядомая на ўсю губерню. Тут моладзь жыла ідэямі лібералізму, рэвалюцыйнасці, рамантызму і нацыянальных вартасцяў.

Навучэнцы размаўляюць пра адраджэнне Рэчы Паспалітай і адмену прыгоннага права. Чытаюць забароненую літаратуру. Гэта непакоіла тагачасныя ўлады, а таму паволі гімназія страціла свой статус знакавай навучальнай установы.

Тры гады пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі Кастусь Каліноўскі жыў у Якушоўцы. Дапамагаў па гаспадарцы. Старэйшы брат Віктар працягнуў адукацыю ў Гарадзенскай гімназіі. Пазней паступіў на медычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту, дзе квітнелі дэмакратычныя ідэі. Калі ў Кастуся ўзнік канфлікт з мачыхай, ён пераехаў у Маскву, да брата.

Гэта час сканчэння Крымскай вайны, прыход да ўлады Аляксандра Другога ды спадзевы на адмену прыгоннага права. Чаканне дапамогі Захаду ў вызваленні ўласных зямель ад акупантаў. Сюды Кастусь вернецца ў 1861 годзе пасля сканчэння ўніверсітэту і кароткага побыту ў Вільні. Але не на доўга. Узнікае чарговы канфлікт з мачыхай. Бацька дае на дарогу 12 рублёў, наймае падводу, разумеючы, што адукаванаму лягчэй знайсці свой хлеб.

Кастусь жыў паміж Горадняй і Вільняй. Удома часам бываў. У Якушоўку ў 1862 годзе вярнуўся брат Віктар. Цяжка хворы на сухоты, ён хутка згасаў, а 25 кастрычніка яго не стала.

Віктара пахавалі ў Свіслачы на публічных прыходскіх могілках. Развітацца з братам Кастусь не паспеў. Ён прыедзе ў Якушоўку і на магілу брата толькі ў сярэдзіне лістапада, рызыкуючы быць арыштаваным. На Свіслацкіх могілках у 90-я гады з’явіўся адноўлены крыж. Хаця ёсць сумневы, што на гэтым месцы пахаваны менавіта Віктар Каліноўскі. Гэта месца-сімвал, дзе штогод адбываецца Свіслацкі фэст памяці, куды прыязджаюць тыя, для каго ідэалы Каліноўскіх усцяж жывыя.

Працяг будзе.

Сяргей Падсасонны belsat.eu

Студыя «Белсат»
«Слядамі Каліноўскага». Мастаўляны і два імені Каліноўскага
2019.11.22 00:53