Скарбы Лукашэнкі. Мае машыны і рэзідэнцыі, а па дэкларацыі – гол як сакол


Пра даходы кіраўніка краіны нам вядома толькі з ягоных ранейшых дэкларацыяў.

У 2009 годзе Лукашэнка зарабіў амаль 95 мільёнаў недэмінаваных рублёў, што было эквівалентна 2885 доларам за месяц. За 2014 год Лукашэнка задэклараваў ужо больш за 550 мільёнаў недэмінаваных рублёў, з чаго выходзіць, што ягоны заробак на той момант складаў каля 4200 долараў за месяц да выліку падаткаў.

«Мы можам толькі здагадвацца, што ў яго ёсць яшчэ ў выглядзе «мані-мані». Таму што розныя чуткі ходзяць: пра актывы нейкія і інтарэсы ў Саудаўскай Аравіі, куды ён раз-пораз ездзіць з сынамі ногі памачыць у акіяне», – кажа Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Згодна дэкларацыям аб даходах Лукашэнкі з графы «Нерухомасць» вынікае, што прэзідэнт Беларусі не мае ва ўласнасці ні дому, ні кватэры. Няма ў яго і аўтамабіля.

«Яму належыць усё. У яго нічога няма, але ў яго ўсё ёсць! Гэта такая найвышэйшая форма паразітавання на грамадстве, на краіне, на народзе», – мяркуе Аляксандр Ярашук.

Hавiны
Недатыкальнасць і «ганаровае ўтрыманне». Як жывуць былыя прэзідэнты ў іншых краінах
2019.11.28 15:44

Кіраўнік Беларусі мае шэраг прывілеяў, якімі ён забяспечаны згодна артыкулу 37 закону «Аб прэзідэнту». За кошт дзяржбюджэту Лукашэнка мае службовае жытло і транспарт спецыяльнага прызначэння. На фінансаванне ягонай Службы бяспекі штогод вылучаецца 18 мільёнаў долараў. Выдаткі на прадстаўнічыя мэты ўнутры краіны і выдаткі, звязаныя з наведваннем замежных дзяржаваў, таксама пакрывае бюджэт.

Акрамя гэтага Лукашэнка мае права на дзяржаўнае страхаванне і дзяржаўную дачу. А адмысловае медычнае і санаторна-курортнае абслугоўванне прадугледжанае не толькі для яго, але і для ягонай сям’і.

Рэзідэнцыі і «Тэсла» ад Ілана Маска

Што датычыць дачаў, то сам прэзідэнт называе іх рэзідэнцыямі. Неяк ён нават заявіў, што ў яго іх 17. На беразе Менскага мора месціцца рэзідэнцыя «Заслаўе», дзе ён перыядычна ладзіць нефармальныя сустрэчы. На будаўніцтва Палацу Незалежнасці з бюджэту краіны было выдзелена каля 135 мільёнаў долараў. У яшчэ адной рэзідэнцыі, «Дразды», прэзідэнт Беларусі мае ўласны падворак, дзе растуць нават кавуны. Сярод рэзідэнцый гаранта таксама значыцца комплекс «Азёрны» ў Астрашыцкім гарадку, паляўнічая ўрадавая дача ў Пружанскім раёне – у цэнтры Белавежскай пушчы і Палеская рэзідэнцыя ў Петрыкаўскім раёне.

Аб’ектыў
Сямнаццатая рэзідэнцыя Лукашэнкі каштуе $ 40 млн
2017.07.07 23:05

«Maybach Pullman» стартуе ад 500 тысяч еўраў, а версія «Guard», каторая ўзмоцненная, яна ў тры разы даражэйшая. То бок прыклада 1,5 мільёна еўраў», – кажа Сяргей Антусевіч, віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

На аўтамабілі, кошт якога – прыкладна паўтара мільёна еўраў, прэзідэнта Беларусі заўважылі ўлетку 2019 года. Дарэчы, Лукашэнку не раз бачылі на дарагіх машынах. У ягоным аўтапарку браняваны «Мерсэдэс» S-класу коштам каля 160 тысяч еўраў і «Тэсла», якую яму нібыта падарыў Ілан Маск. Зрэшты, апошні хутка абверг гэтую інфармацыю.

«Новая «Тэсла» мадэль S каштуе каля 160 тысяч долараў», – апавядае Сяргей Антусевіч, віцэ-старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Hавiны
Колькі заробкаў Лукашэнка аддаў за сваю «Tesla»
2019.09.11 13:50

Згодна з беларускімі законамі, пенсія дзяржслужбоўцаў налічваецца ў памеры 40 % ад іхнага заробку. Але яна не можа перавышаць трохразовага памеру сярэдняга заробку ў краіне, які ўжываецца для пераразліку пенсіяў. Плюс ёсць даплаты – за кожны поўны год стажу дзяржаўнай службы звыш 20 гадоў памер пенсіі павялічваецца на 2 % заробку. То бок калі б цяпер Лукашэнка сыходзіў на адпачынак, маючы заробак 4200 долараў, то ягоная пенсія склала б каля 600 долараў.

«Калі б чалавек клапаціўся пра тое, каб у нас была прававая дзяржава, то ён паклапаціўся б і пра пенсію, і пра свой заробак. Колькі б ён там быў: 20, 30, 50 тысяч долараў. І клапаціўся б пра пенсію, каб закласці падмурак цывілізаванай дзяржавы», – разважае Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Але наўрад ці Аляксандр Лукашэнка збіраецца на пенсію. Падчас сваіх выступаў ён ужо заявіў, што плануе балатавацца на яшчэ адзін тэрмін. Прэзідэнцкія выбары пройдуць ужо ў гэтым годзе. Вось і даведаемся, колькі яшчэ Аляксандр Лукашэнка будзе кіраваць краінай.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Колькі каштавалі бюджэту елкі ды навагоднія аздабленні?
  • Што можна набыць за сярэдні заробак?
  • Чаму камунальнікі ігнаруюць праблемы людзей?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».