Выбары адбываюцца, пра іх сумленнасць і дэмакратычнасць заяўляюць улады і назіральнікі з краін, далёкіх ад дэмакратыі. Ім пярэчыць апазіцыя, якой старшыня Цэнтрвыбаркаму залічвае чарговую паразу. У наступную выбарчую кампанію сцэнар паўтараецца. А таму заява ў Палаце прадстаўнікоў шостага склікання Алены Анісім і Ганны Канапацкай, прадстаўніц Таварыства беларускай мовы і Абʼяднанай грамадзянскай партыі, наўрад ці пакінула абыякавымі хоць кагосьці з іх калегаў па дэмакратычным лагеры. Адныя накінуліся на дэпутатак з абвінавачваннямі ў беспрынцыповасці і здрадзе, іншыя загаварылі пра зʼяўленне прадстаўнічай пляцоўкі для рэальнага абʼяднання апазіцыі ды сведчанне слабасці і хуткага скону дзейнага рэжыму.
Зрэшты, сухія лічбы здольныя асцюдзіць нават самыя гарачыя эмоцыі: дзве прадстаўніцы дэмакратычных сілаў на 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў – гэткія суадносіны могуць азначаць толькі адно: асноўная дзейнасць за новую Беларусь па-ранейшаму застаецца па-за сценамі парламенту. Як выкарыстаць лібералізацыю і ці далёка яна зойдзе?
Госці студыі – Андрэй Дзмітрыеў (кампанія «Гавары праўду!») і Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ).