Што такое люстрацыя і каго ў Беларусі могуць пакараць?


Ачышчэнне шляхам ахвярапрынашэння – гэтак перакладаецца лацінскае слова «люстрацыя». На практыцы яно значыць абавязковае пакаянне вінаватых і, калі трэба, пакаранне тых, хто аддана служыў аўтарытарным рэжымам, на сумленні каго засталіся парушаныя лёсы грамадзянаў, а то і ахвяры.

Пасля разбурэння савецкае сістэмы ўва ўсіх краінах былога сацыялістычнага лагеру адбыліся больш ці менш жорсткія люстрацыі. Прайшлі паўсюль, акрамя тых краінаў, дзе і дасюль кіруюць постсавецкія ўладары. Які сэнс і скіраванасць можа мець люстрацыя ў Беларусі пасля краху лукашэнкаўскае сістэмы ўлады? Ці саспела да гэтага Беларусь? Можа, ізноў мы мусім убачыць лукашэнкаўскіх наймітаў і катаў у якасці новых, дэмакратычных кіраўнікоў краіны? Як правесці люстрацыю эфектыўна і, разам з тым, не даводзячы да вострага грамадзянскага канфлікту, на моцным прававым падмурку?