Што думаюць беларусы пра бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню»?


Замест бел-чырвона-белага сцяга і гербу «Пагоня» – чырвона-зялёнае палатно ды копія БССР-аўскага вянка. Замест адзінай роднай мовы – русіфікацыя, замест незалежнасці – інтэграцыя з Масквою ды разгон дэпутатаў парламенту. 24 гады таму ў Беларусі адбыўся рэферэндум, што зыніцыяваў Аляксандр Лукашэнка, які цалкам змяніў лёс краіны.

Пра спадчыну гэткага плебісцыту несвабоды размаўляем з дэпутатам Вярхоўнага Савету XII склікання, журналістам Радыё Свабода Сяргеем Навумчыкам:

«Пералік законаў (парушаных пры правядзенні рэферэндуму) заняў бы доўгі час. Ён парушыў некалькі артыкулаў Канстытуцыі, бо пытанні, якія закранаюць нацыянальную ідэнтычнасць і належаць да гістарычнай нацыянальнай спадчыны на рэферэндум не выносяцца. Гэта абумоўлена законам «Аб рэферэндуме». Я ўжо не кажу пра тое, што сама працэдура прызначэння рэферэндуму праз біццё дэпутатаў парламента… Я зноў жа працытую словы былога члена Канстытуцыйнага суда прафесара Пастухова. Ён сказаў, што самая гэтая працэдура прызначэння рэферэндуму робіць вынікі рэферэндуму юрыдычна нікчэмнымі.

Ёсць вельмі важны момант, які тычыцца пытання аб мовах. Чаму яго нельга было выносіць на рэферэндум? Чаму Канстытуцыя гэта не дазваляе? Справа ў тым, што мова не належыць Лукашэнку, Пазняку, Навумчыку, Трусаву, Голубеву і Шушкевічу. Мова не належыць ні нашаму пакаленню, ні таму пакаленню, якое было перад намі, ні таму пакаленню, якое будзе пасля нас. Яна належыць дзясяткам пакаленням, якія прыйдуць пасля нас. Гэты рэферэндум вызначаў лёс мовы, збылося ўсё тое, што мы казалі, пра што мы папярэджвалі, што мова будзе загнаная ў гета…»

Працяг размовы – у сюжэце.

Як можна прыйсці да згоды прыхільнікам цяперашняй афіцыйнай сімволікі і гістарычнай? Адказы даюць жыхары Гомля.

belsat.eu