Шлюб з Палессем – фотавыстава Наталлі Дораш «Палешукі»

На гэтых здымках – самабытны свет жыхароў беларускага Палесся, іхныя жывыя характары і побыт, цяжкая праца і неверагодны смак жыцця. Фотавыстава Наталлі Дораш «Палешукі» адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі.Унікальны каларыт Палесся, а, дакладней, вёскі Букча Лельчыцкага раёну, Наталля ўпершыню пабачыла ў 1976 годзе. На той момант студэнтка журфаку і малады фатограф, яна выйшла замуж за сапраўднага палешука і паехала на ягоную малую радзіму знаёміцца з бацькамі.НАТАЛЛЯ ДОРАШ, ФАТОГРАФ: «Я трапіла ў абсалютна іншы свет, у іншую краіну. Гэта былі дарослыя дзеці, адкрытыя душы, адкрытыя сэрцы. І нягледзячы на тое, што цяжка было жыць (а гэта 70-я гады, у калгасах трэба было працаваць), гэта былі вельмі радасныя і пазітыўныя людзі».Палешукі прынялі яе, гарадзенку, як сваю, і адкрыліся перад ейным аб’ектывам. Наталля заўжды была побач: падчас дзяльбы кабанчыка, збору бярозавіка або нарыхтоўкі сена. Яна хадзіла ў грыбы і ягады, вудзіла рыбу, а часам дапамагала прыглядаць за дзецьмі, якія сталі ейными любімымі мадэлямі. Іхныя партрэты заварожваюць глыбінёю і пранізлівасцю.ВАЛЕРЫЙ ВЯДРЭНКА, КУРАТАР ВЫСТАВЫ: «Гэта сапраўдны погляд мастака, які цудоўным чынам умее не такую ўжо і прыгожую рэчаіснасць трансфармаваць у паэтычныя вобразы, ні грама не парушыўшы праўды».Наталля фатаграфавала Палессе цягам 37 гадоў. А на гэтай выставе толькі здымкі, зробленыя ў 1970–1980-я, і цяпер яны гістарычна важныя, бо жыццё вёскі незваротна змянілася. Наталля з мужам, айцом Уладзімірам, прыязджае ў Букчу і цяпер. Дзяўчаткі з гэтых партрэтаў – ужо самі маці дарослых дзяцей. Але аўтарка не спяшаецца фатаграфаваць іх сёння – магчыма, каб не парушыць цуду мінулага. Выставу можна паглядзець да 29 траўня.Іншыя тэмы: памятны крыж на Гомельшчыне на месцы пахавання дзяцей «ворагаў народу». Слонімцы паўдзельнічалі ў другім міжнародным фестывалі паланезу ў Варшаве.Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Тэгі:

Больш матэрыялаў

Першы фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok» на Карла Маркса ў Менску

Упершыню ў Менску – трыенале маладых мастакоў

15 невядомых песень Мулявіна аднавілі дзякуючы аднаму аўдыязапісу

«Народны альбом: Ненаўмысны шэдэўр» на фестывалі «Лістапад»

Прэмʼера фільму пра НКУС і Курапаты адбудзецца 16 верасня ў сталічным кінатэатры «Масква»

«Я звязаны з Вялікім княствам Літоўскім». Гісторык моды Аляксандра Васільеў – на выставе ў Менску

Захар Кудзін прапануе Менску альтэрнатыўныя помнікі

«Яго цікава маляваць». У Віцебску з’явіўся партрэт Быкава