Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч канстатуе, што вайсковыя супрацьстаянні Вялікага Княства Літоўскага і Масквы за дамінацыю ва Усходняй Еўропе пачаліся з 1335 года.
«У 14 стагоддзі Маскоўскае княства ў параўнанні з ВКЛ – карлік. Але ўжо на рубяжы 15–16 стагоддзяў мы памяняліся ролямі», – кажа Алесь Краўцэвіч.
ВКЛ і Масква пастаянна ваявалі. У 16 стагоддзі на рахунку нашых ваяводаў былі слаўныя перамогі. Напрыклад, у 1514 годзе гетман Астрожскі разбіў утрая большае войска маскоўцаў пад Воршаю. Але чым далей – тым больш усходні сусед перамагаў у спаборніцтве за гегемонію ва Усходняй Еўропе.
Інфлянцкая вайна (1558–1582 гадоў) падштурхнула ВКЛ да канфедэрацыі з палякамі ў Рэч Паспалітую. Спраўляцца з усходнім ворагам самастойна мы ўжо не маглі.
А гэтак званая Невядомая вайна (1654–1667 гадоў) з Масквою і войскамі Багдана Хмяльніцкага стала бадай самай крывавай у гісторыі Беларусі. Загінуў як мінімум кожны другі жыхар беларускіх земляў. Сотні тысячаў нашых продкаў вывезлі на Усход. Гісторык Алег Трусаў лічыць, што гэта была «вайна на знішчэнне нашай нацыі».
«У часы СССР нельга было ўзгадваць пра гэтую вайну. Нельга было пісаць, што гэта была вайна з Расеяй. Таму гісторык Генадзь Сагановіч, які яе даследаваў, даў назву Невядомая вайна, – дадае Алесь Краўцэвіч. – Менавіта пасля тых падзеяў Смаленск цалкам замацаваўся за Маскоўскаю дзяржавай».
Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў адзначае, што да гэтай вайны шмат якія археолагі параўноўвалі матэрыяльны ўзровень беларускіх гарадоў з гарадамі нямецкімі або нідэрландскімі. Але менавіта пасля Невядомай вайны ўтварылася цывілізацыйная прорва, якую мы адчуваем да сёння.
«У Менску ў 1667 годзе засталося ўсяго 170 жыхароў. У Полацку перад вайной было каля 1500 дамоў, засталося 102. У Віцебску было 980 дамоў, засталося 56, – прыводзіць лічбы пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў. – Вось маштабы гэтай катастрофы. І мне ўяўляецца, што ў тым крывавым патопе – карані многіх нашых сучасных нацыянальных бедаў».
Сярод іншага, эксперты абмяркоўваюць вайсковыя кампаніі, калі беларускія землі рабіліся арэнаю баявых дзеянняў падчас разборак Масквы з іншымі геапалітычнымі монстрамі. І канфлікты, якія прыводзілі да братазабойчай вайны ўнутры Беларусі.
Як сучасныя беларусы павінныя ставіцца да гістарычнай праўды? Якія высновы трэба зрабіць для будучыні нашай краіны? Гэтыя пытанні эксперты абмяркоўваюць у студыі «Кожны з нас».
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.