Сакрэт замку Іказнь на Браслаўшчыне

Іказнь – ціхая мясціна, паўз якую можна праехаць па трасе, нічога асаблівага не заўважыўшы, акрамя макавак касцельных ды царкоўных вежаў. А тут калісьці стаяў грозны замак, які сцярог межы Вялікага Княства Літоўскага.

У даўнія часы Іказнь была немалым мястэчкам: на пачатку XVII ст. тут жылі каля 600 чалавек, а галоўнае – стаяў прыватны шляхецкі замак, незвычайны з розных прычынаў. Па-першае, ён адзін з нямногіх месціўся на востраве, па-другое – меў мураваныя сцены і вежы. У тыя часы тут была паўночная ўскраіна Вялікага Княства Літоўскага, таму ўзведзены Сапегамі ў першай палове XVI ст. замак у Іказні неўзабаве ўжо ваяваў – адбіваў штурмы то маскоўскіх, то шведскіх войскаў. Разбурылі яго расейцы ў Паўночную вайну.

Сёння нявопытнае вока не ўбачыць у няроўнасцях на востраве сярод возера Іказнь рэшткаў старых фартыфікацыяў, а погляд адно затрымаецца на мурах касцёлу Божага Цела, адной з нешматлікіх беларускіх святыняў, дзе найбольш паслядоўна вытрыманы неараманскі архітэктурны стыль.Каб адкрыць для гледачоў слаўнае мінулае Іказні, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч паедзе туды разам з супрацоўніцай Браслаўскага музею Ганнай Базарэвіч і прагуляецца па мястэчку, апавядаючы ды паказваючы, што ж такога адметнага было і ёсць у Іказні.

Уявіць выгляд замку ва ўсёй яго моцы і велічы дапамогуць ілюстрацыі мастака Паўла Татарнікава.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:45. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Вусная гісторыя супраць савецкай прапаганды. Праўда простых людзей

Ідэальнае месца для фестываляў сярэднявечнае культуры

Мультыкультурны Менск пачатку ХХ стагоддзя – калыска геніяў

Лёс Анатоля Сыса як адлюстраванне лёсу краіны

Гісторык, які абгрунтаваў права беларусаў на сваю дзяржаву

Яны спрабавалі стварыць новае ВКЛ на пачатку ХХ ст.

Пад знакам паравоза. Як нарадзіліся Баранавічы?

Гарошкаў пад Рэчыцай. Адсюль пайшлі славяне