Рост коштаў, звальненні, галеча. Беларусь чакае вяртанне ў 1990-я

У новым выданні ток-шоу «Кожны з нас» вядомыя эканамісты тлумачаць беларусам наступствы крызісу, які на нас насоўваецца.

Эпідэмія каронавіруснай інфекцыі пакуль адцягвае ўвагу беларусаў ад іншых працэсаў, якія зменяць нашае жыццё. Чыноўнікі адкрыта прызнаюць: Беларусь адною нагой у маштабным эканамічным крызісе. І хоць пакуль самых негатыўных наступстваў мы яшчэ не адчуваем, нагодаў для аптымізму няма.

«Цяпер фактычна з усіх бакоў нас прыціснула, – аналізуе дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык. – Што толькі ні ўплывае на нашую эканоміку: і нафта, і каранцін. Але найбольш уплывае сітуацыя ў расейскай эканоміцы. Гэта наш галоўны рынак. Але не толькі. Мы інтэграваныя ў сусветны рынак. І бачым збоі ў пастаўках сыравіны, матэрыялаў. Нават калі ёсць попыт, мы можам сутыкнуцца з тым, што не будзе адкуль браць камплектавальныя, каб проста яго задаволіць».

Адно з галоўных пытанняў – колькі працягнецца пандэмія каронавіруса. Найлепшы варыянт для Беларусі – гэта калі яна скончыцца цягам некалькіх месяцаў. І ў другой палове года сусветная эканоміка пачне аднаўляцца. Але нават пры такой хадзе працэсу мы застаёмся ўразлівымі.

«Сёння ўсе чакаюць, што гэты крызіс будзе, па-першае, вельмі глыбокі, а выхад з яго нават пры самым аптымістычным сцэнары будзе працяглы. Канкрэтна для беларусаў можна праводзіць асацыяцыі з 1990-мі», – кажа навуковы працаўнік цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Зміцер Крук.

Гэты год будзе цяжкі для беларусаў

Што датычыць уплыву на сярэднестатыстычных беларусаў, то перажыць гэтыя працэсы бязбольна не ўдасца.

«У любым выпадку ў людзей пачнуць падаць даходы. Яны ўжо пачалі падаць у валютным выражэнні. Цалкам верагодна, што яны будуць падаць нават у намінальным выражэнні: колькасць рублёў, якія людзі будуць атрымліваць, – прагназуе эканаміст, старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб. – Пытанне ў тым, наколькі шмат людзей страцяць працу, якой колькасці людзей гэта будзе датычыць. Пазбегнуць гэтага не ўдасца наагул. Добры сцэнар: гэта будзе датычыць няшмат каго. Кепскі сцэнар: гэта будзе датычыць шмат каго. Самы кепскі сцэнар: гэта будзе датычыць большасці з нас».

У праграме выступаюць беларусы, якія цягам некалькіх месяцаў аказаліся на мяжы галечы. На відэасувязь выходзяць прадпрымальнікі з розных куткоў Беларусі, чый бізнес ужо паралізаваны.

З боку экспертаў у тым ліку гучаць трагічныя пагрозы: дойдзе да таго, што некаторыя людзі не будуць мець сродкаў да існавання.

Мільён беларусаў могуць застацца без працы

У 2015 годзе дзяржава змяніла фінансавую палітыку. Госці студыі зазначаюць: цяпер не варта чакаць абвалу беларускага рубля ўтрая, як было ў 2011-м. Нават падчас глыбокай фазы крызісу курс долара можа заставацца такім, як сёння. Але калі дзяржава запусціць друкавальны станок ды пачне датаваць стратныя дзяржпрадпрыемствы, то гэта можа скончыцца непрадказальным абвалам нацыянальнай валюты і катастрофаю, выбрацца з якой будзе неверагодна складана.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

«Я пабачыла тое, чаго ніколі не чакала ў медыцыне». Што адбываецца за дзвярыма больніцаў?

Не важна, чым скончацца выбары. Самае цікавае пачнецца пасля іх

«Прадай кватэру і на гэтыя грошы купі дзве». Ці варта рызыкаваць падчас крызісу?

Вялікая Айчынная вайна – прапагандысцкі міф ці нагода для гонару?

«Гэта біялагічная бомба». Дактары ды сваякі загінулых – пра каронавірус

Ні дыягназу, ні інваліднасці, ні пенсіі: чарнобыльцы распавялі, як іх ашукала дзяржава

Перамагчы смерць: беларусы распавялі пра цуды, што з імі сталіся

Выбары-2020: хто здольны супрацьстаяць Лукашэнку?