«Рэйдарскі захоп»: Разборкі ў «БелГазеце»


Незаконнай змену кіраўніцтва «БелГазеты» называе асноўны акцыянер выдання Кірыл Жываловіч. Свой погляд на сітуацыю ён паабяцаў падаць на прэс-канферэнцыі заўтра:

«Сёння магу толькі пацвердзіць ранейшую інфармацыю, а ўсе падрабязнасці будуць заўтра. […] Гэта будзе прэс-канферэнцыя. Там будуць розныя людзі і будуць пададзеныя дакументы і пацверджанне маіх заяваў. […] Вернем сітуацыю, возьмем пад кантроль, і ўсё будзе добра».

Андрэй Бандарэнка, праваабаронца:

«У дадзены момант я з’яўляюся дырэктарам ААА «БелГазета». Пытанні наконт «рэйдарскага захопу» гучаць некалькі гумарыстычна, бо такі захоп прадугледжвае атрыманне нейкіх актываў, даходу, а ў дадзены момант мы змагаемся з велізарнаю колькасцю даўгоў, якія зʼявіліся падчас працы самога Жываловіча і асноўнае заданне на сёння – не згубіць газету. А ў адказ самога Жываловіча магу сказаць, што чалавек, які на працягу года не зʼяўляўся на працоўным месцы і давёў практычна да поўнага банкруцтва газету… мне б не хацелася выносіць гэта на публіку, але верагодна прыйдзецца апублічваць некаторыя факты, якія даказваюць не зусім карэктную дзейнасць былога дырэктара. […] Тое, чаму я гэтым займаюся – гэта маё жаданне дапамагчы і ўратаваць адную са старэйшых газет Беларусі, не даць ёй загінуць проста з-за самадурства аднаго чалавека».

belsat.eu