Рэдактар спецвыдання «Дзень Волі-2019» распавёў, што ўбачым на «Белсаце» 23 сакавіка


Адзначаць 101-ую гадавіну абвешчання незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі беларусы будуць цягам трох дзён. У Горадні ў Каложскім парку ўлады ўжо ўсталявалі відэаназіранне – на дрэвах. Аднак онлайн-трансляцыю канцэрту будуць ладзіць не толькі праваахоўнікі, але і наш тэлеканал. Падрабязней, што і як, распавядае рэдактар адмысловага выдання да Дня Волі Ігар Кулей.

Ігар Кулей, рэдактар спецвыдання «Дзень Волі-2019»: Выданне плануецца сапраўды вялікім, таму што гэта будзе 5 гадзінаў жывога эфіру. Пачнем мы а 13-ай гадзіне. Адразу пяройдзем на канцэрт у Горадні, будзем глядзець бесперапынна за тым, як гэта адбываецца. І калі ўсё будзе добра, канцэрт скончыцца а 17-ай, то ў нас будзе яшчэ гадзіна адмысловага эфіру да 18-ай гадзіны. Так што раю нашым гледачам заставацца з намі і глядзець ад 13-ай да 18-й. Таму што тыя, хто не можа туды даехаць, хто не можа асабіста прысутнічаць на гэтым канцэрце, маюць унікальную магчымасць: мы будзем трансляваць нашае выданне праз усе сацыяльныя сеткі. Таксама праз спадарожнік на тэлеканале «Белсат».

Некалькі групаў нашых карэспандэнтаў будуць працаваць падчас канцэрту ў розных месцах. Будуць і апытанні людзей, і размовы з арганізатарамі, і размовы з музыкамі, якія там выступяць. Таму, я думаю, тыя, хто не змог папрысутнічаць асабіста, не пашкадуюць, калі ўключаць і паглядзяць гэта на нашым тэлеканале…

Працяг размовы – у відэа.

belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum