Рэальнасць аднаго селяніна: Выжыць на 20 рублёў на месяц


Спадар Юрый жыве ў Глыбоцкім раёне. Працуе ў калгасе слесарам-рамонтнікам. З прычыны маленькіх заробкаў, якія плоцяць працаўнікам сельскай гаспадаркі, ужо звальняўся. Але высокааплатнай працы ў раёне гэтак і не знайшоў, таму вярнуўся. Бруднымі яму налічваюць 330 рублёў. Пасля вылічэння падаткаў на жыццё застаецца менш за 270 рублёў.

«Бярэм самае неабходнае: хлеб, батон, алей. Трымалі гаспадарку, але потым ужо здароўе стала падводзіць, давялося адмовіцца ад гаспадаркі. Ну, ёсць куры. А так прывыклі абыходзіцца мінімумам», – кажа Юрый Сухавіла.

Спадар Юрый распавядае, што тыя, хто маладзейшы, з Глыбоччыны збягаюць бліжэй да запаветных 500 – у буйныя гарады. Працаўнікоў у калгасе не стае.

«Маленькі заробак і цяжкія ўмовы працы. Ну, хто пагодзіцца працаваць? Калі ішла пасяўная, з 7-ай гадзіны раніцы і да 9-ай гадзіны вечара працавалі!» – распавядае Юрый Сухавіла, які атрымлівае заробак 270 рублёў.

Паводле афіцыйных звестак, сярэдні заробак працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны – 700 рублёў. На справе – шмат дзе не дацягвае да мінімалкі, то бок да 330 рублёў. Спадар Юрый распавядае, што іхны калгас «Сельцы» ў раёне на добрым рахунку. Напрыклад, нядаўна ўдалося павялічыць надоі. Але на заробак гэта ніяк не паўплывала.

«Напэўна, устаноўка ідзе з цэнтру, адтуль – з Глыбокага. Мы ў падпарадкаванні гарадскіх базаў. У іх заробкі, вядома, вышэйшыя. Хто б там за 300 рублёў працаваў? Ну, а нам дзявацца няма куды», – кажа Юрый Сухавіла.

20 рублёў за месяц і праца за харчы

Адпаведна апошнім звесткам, у Берасцейскай вобласці сярэдні заробак складае 892 рублі. У Віцебскай – 867. На Гомельшчыне – 930, Магілёўшчыне – 846, Гарадзеншчыне – 892 рублі. У Менскай вобласці сярэдні заробак дасягае 1050 рублёў. Калі ад гэтых грошай адняць суму падаткаў, якія вылічваюцца штомесяц з працаўнікоў, ужо атрымаецца менш, чым сцвярджае дзяржава. І гэта не кажучы пра тое, што афіцыйны сярэдні заробак беларусаў – вельмі завышаны, а рэальныя заробкі нашых суайчыннікаў дзяржаве агучваць нявыгадна.

«У мяне бруднымі недзе 300 рублёў заробак», – кажа Сяргей Асіпёнак.

Сяргей Асіпёнак працуе падсобным рабочым на агракомплексе, які падпарадкоўваецца смалявіцкай бройлернай птушкафабрыцы. Жыве ў вёсцы Мглё, што ў Менскай вобласці. То бок у рэгіёне, дзе афіцыйна зарабляюць больш за 1000. Але Сяргей не атрымлівае нават мінімалкі. Пры гэтым працуе з 7-ай раніцы да 7-ай вечара.

Сяргей – абавязаная асоба. Жонку накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый, а дзіця забрала дзяржава. Штомесяц за ўтрыманне сына ў яго забіраюць 70 % заробку. Напрыклад, налічылі – 307 рублёў. 25 рублёў утрымалі за прадукты, якія работнікам выдаюць у краме прадпрыемства. 13 – за харчаванне: Сяргей працуе на палях і мусіць атрымліваць абед. Праўда, кажа, што з невядомых прычынаў ежы яму не даюць. Мінус падаходны падатак, вылікі на ўтрыманне дзіцяці. І атрымліваецца, што Сяргей за месяц зарабіў 20 рублёў.

«Бывае падзарабляю, суседзі просяць тое, тое, тое. Ну, у асноўным разлічваюцца не грашыма, а харчамі: хто кавалак сала, хто закаткі, якія людзі зрабілі, а не ядуць», – распавядае Сяргей Асіпёнак.

Бываюць месяцы, калі Сяргей увогуле нічога з заробку не атрымлівае. Быў выпадак, калі пасля ўтрыманняў ён застаўся вінны прадпрыемству 50 рублёў. Звольніцца Сяргей не можа, бо ён абавязаная асоба. Пісаў у райвыканкам, прасіў, каб далі працу з большым заробкам. Але вольных вакансіяў у раёне не знайшлося.

«Заробак 500 рублёў лічыцца ў рэгіёне вельмі добрым. Таму, зыходзячы з гэтага, шмат якія маладыя людзі ды не вельмі маладыя імкнуцца трапіць у абласныя гарады і ў большай ступені ў Менск», – каментуе Ігар Комлік, прадстаўнік незалежнага прафсаюзу РЭП.

У Менску сапраўды можна знайсці працу з добрым паводле беларускіх мерак заробкам. Сярэдняя аплата на сакавік складала больш за 1500 рублёў. Аднак перабрацца ў сталіцу ўсе жыхары рэгіёнаў не змогуць. Таму ім не застаецца нічога іншага, як лічыць капейкі і думаць, як на іх выжыць.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Дачнікі 40 гадоў чакаюць рамонту дарогі
  • Працуем на экспарт – і забыліся пра ўласных грамадзянаў
  • Як бізнесоўцы рыхтуюцца зарабіць на Еўрагульнях

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў FacebookдыОдноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».