Ракіроўкі Лукашэнкі. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Генерал, амбасадар і дырэктар БТ. Навошта Лукашэнка перастаўляе фігуры?

Былы амбасадар Беларусі ў Турцыі і нават экс-кіраўнік Генеральнага штабу Узброеных Сілаў краіны трапілі сёлета ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Акрамя іх мандаты лукашэнкаўскага парламенту атрымалі яшчэ некалькі асабліва цікавых персонаў, якія не выглядаюць простымі статыстамі. Чым будуць займацца гэтыя асобы, і як іхная дзейнасць можа адбіцца на міжнародным становішчы Беларусі – высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Андрэй Паротнікаў пра супрацу Беларусі з НАТО

Беларусы наведалі штаб-кватэру НАТО ў Бруселі. Сярод групы экспертаў і палітыкаў быў і Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog. Як Паўночнаатлантычны альянс успрымае нашую краіну ды ў якім фармаце магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у сумесных з натаўскімі партнёрамі вучэннях?

Борыс і кансерватары трыумфуюць. Беларус з Лондану пра брэкзіт: «У многіх нервы не вытрымліваюць»

Галоўная інтрыга ў Вялікай Брытаніі на датэрміновых выбарах у парламент была нават не ў тым, хто пераможа (яшчэ да выбараў усе апытанні аддавалі першае месца кансерватарам). Але ці здолее цяперашняя кіроўная партыя атрымаць большасць у парламенце і вырашыць галоўнае пытанне брытанскай палітыкі апошніх гадоў: выходзіць ці не выходзіць з Еўразвязу? Рэпартаж Аркадзя Несцярэнкі.

Колькі каштуе закрыць АЭС і пахаваць ядравыя адкіды. Інтэрв’ю з былым мэрам Ігналіны

Інтэрв’ю Алеся Сіліча з Бронісам Ропе, дэпутатам Еўрапейскага парламенту ад Літвы. Палітык удзельнічае ў працы дэлегацыі ў справе дачыненняў з Беларуссю. Раней ён амаль 20 гадоў займаў пасаду мэра літоўскага мястэчка Ігналіна, побач з Беларуссю, дзе ў савецкія часы збудавалі АЭС, а цяпер яе ліквідуюць. Чаму Літва закрывае АЭС? Што рабіць з ядравымі адкідамі пасля закрыцця?

Ці адправяць Трампа у адстаўку? І што будзе, калі не ўдасца?

Палата прадстаўнікоў ЗША высунула абвінавачанні супраць Доналда Трампа ў расследаванні для пачатку імавернага імпічменту амерыканскага прэзідэнта. Ніжняя палата амерыканскага парламенту – пад кантролем дэмакратаў, але што будзе далей, калі пазоў аб імпічменце трапіць у Сенат? Ці маюць дэмакраты шанец адхіліць прэзідэнта яшчэ да выбараў налета 3 лістапада? Распавядзе Усевалад Шлыкаў.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.