Публічная порка расейскага амбасадара


Нечаканая перапалка адбылася паміж беларускім МЗС і расейскім амбасадарам у Беларусі Міхаілам Бабічам. Расейскі дыпламат даў інтэрвʼю расейскаму інфармагенцыі «РИА Новости», дзе не зусім дыпламатычным, нават саркастычным тонам апісваў дачыненні Менску і Масквы. Тое, што выдаў у адказ беларускі МЗС, інакш, чым публічнай поркай расейскага амбасадара, назваць складана.

Міністэрства замежных справаў Беларусі:

«Дачыненні паміж нашымі краінамі і народамі значна больш глыбокія ды ўсёабдымныя, чым штучны, падтасаваны набор лічбаў, за якія рэгулярна хапаецца расейскі дыпламат. Але гэта ягонае права – вызначаць для сябе планку, якая ператварае яго ў рахункавода або бухгалтара, які падае надзеі… На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнаю дзяржавай».

Бабіч усё гэта без увагі не пакінуў, назваўшы заяву беларускага МЗС «верхам дыпламатычнай школы». А Расейскі МЗС заклікаў беларусаў выказаць больш павагі іхнаму дыпламату.

– Ці можам спадзявацца, што Бабіч з’едзе ні з чым?

Каментуе доктар палітычных навук Павел Усаў:

Наўрад ці. Пачнем з таго, калі і ў якіх умовах быў прызначаны Бабіч. Яго ад самага пачатку акрэслівалі, як «амбасадара вайны». Ён вайсковец, ён ніякі не дыпламат. Ён удзельнічаў у вайсковай аперацыі ў Чачні ў 2000 годзе. І ў Менск яго прызначылі для таго, каб працягваць псіхалагічны, палітычны і дыпламатычны ціск на беларускую ўладу. Мы ведаем, што ўжо год супраць Беларусі вядзецца інфармацыйная вайна, не толькі энергетычная і палітычная. І зараз у гэтую вайну ўключыўся Бабіч.

Ён быў прызначаны, каб акцэнтаваць увагу на слабых месцах стратэгічнай канцэпцыі, канцэпцыі бяспекі ці палітычных аспектах і накіроўваць перш за ўсё інфармацыйныя ўдары. Яго дзейнасць пераходзіць межы нармальнай дыпламатычнай актыўнасці. Ён паводзіць сябе не як амбасадар, а як прадстаўнік Пуціна…

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu

Калаж: Alexander Shcherbak, Sergei Savostyanov, Alexei Nikolsky / Russian Presidential Press and Information Office / TASS / Forum