Прапанаваў сябе замест Мэркель. «Вышэйшы пілатаж» Лукашэнкі


Ці ўвойдзе Беларусь у склад Расеі, дзе па суседству з Беларуссю жывуць «адмарозкі», ды калі кіраўнік Беларусі апошні раз крывадушыў? Лукашэнка правёў чатырохгадзінную прэс-канферэнцыю з расейскімі рэгіянальнымі журналістамі, пачаставаўшы гасцей сокам асабістай вытворчасці і цукеркамі з гарэлкай.

«Падзяліць Беларусь на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі!» – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расейскімі журналістамі.

Ідэю размяшчэння расейскай авіябазы ў Беларусі ён назваў непатрэбнай і «піяраўскай». Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што галоўная пагроза для Беларусі ідзе з «паўднёвай мяжы, адкуль хлынула зброя». Падзяліўся кіраўнік Беларусі і сваім бачаннем ідэальнага будучага для нашай краіны. Ідэальнай будучыні ў Беларусі не будзе ніколі, «бо ідэальнага не бывае ўвогуле». Не будзе ідэальнай будучыні і ў Расеі, бо перашкаджае гэтаму яе «вялікая місія». А рэцэпт шчасця для дзвюх краінаў Лукашэнка прадставіў просты – «не жыць ва ўмовах вайны».

Прэс-тур па Беларусі і сустрэчу з Лукашэнкам для расейскіх журналістаў арганізуюць ужо ў 14 раз. Ніводнае з беларускіх недзяржаўных медыяў на сустрэчу не дапусцілі. Пра гэта ды не толькі паразмаўляем з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім:

«Лукашэнка безумоўна сёння даў адмоўны адказ на ўльтыматум Мядзведзева. Я б назваў гэта так, тое, што агучыў учора на саюзным саўміне кіраўнік ураду РФ. Хоць гэта ён назваў болей прыгожа: ён сказаў, што можа быць кансерватыўны сцэнар далейшай саюзнай інтэграцыі, груба кажучы, тады дулю вы атрымаеце (гэта я ад сябе дадаю, але сэнс быў такі), і прасунуты, як ён сказаў, сцэнар. Гэта – вось у чым падступнасць – фактычна зварот да вялікай дамовы 1999 года, якую сам жа Лукашэнка і падпісаў з Ельцыным. Але гэта быў іншы гістарычны момант.

Тады Лукашэнка ў думках ужо бачыў сябе на крамлёўскім пасадзе. Іншая рэч, што потым атрымаўся вялікі аблом – прыйшоў Пуцін і паставіў рубам пытанне, што трэба аб’ядноўвацца ў адзіную дзяржаву. Тады Лукашэнка думаў, што адбіўся, а вось бачыце праз шмат гадоў прыляцеў чорны лебедзь. І глядзіце, Масква не пагражае, што мы тут на танках прыедзем. Яна кажа: давайце выконваць тое, што сам беларускі кіраўнік некалі падпісаў. Але беларускае кіраўніцтва хітрае. Думала, што мы будзем толькі крычаць пра роўныя ўмовы гаспадарання, а астатняе адсунем недзе ў цень – пра агульную валюту і ўсё іншае. А сёння Лукашэнка, абурыўшыся, фактычна прызнаў, што ніякае братняй інтэграцыі з імперыяй быць не можа. […]

Мне падаецца, што сцэнар прасунутай інтэграцыі быў прадуманы даўно. І напэўна Лукашэнку тэт-а-тэт ужо гэта казалі. Калі гэта дапусціць, то зразумела, чаму Лукашэнка быў такі змрочны пасля гэтых пасядзелак з Пуціным у Сочы. Чаму ён раптам загаварыў, што калі што, дык я раздам 7 мільёнаў аўтаматаў беларусам. Цяпер гэта зразумела. Думаю, Масква і чакала такога адказу як сёння. Масква гэтага чакала, і цяпер у яе ёсць поўнае права казаць: тады мы зразаем субсідыі. Разлік бяспройгрышны для Крамля. Не пойдзе на інкарпарацыю Лукашэнка – мы будзем даваць меней, а патрабаваць болей…»

Лукашэнка сёння шмат казаў пра інтэграцыю, часам сумбурна, згадаў і ўчорашнюю сустрэчу прэм’ераў Румаса і Мядзведзева. Але распачаў вось з чаго:

«Можа быць, мы і да гэтага прыйдзем… але трэба ісці. Шантажаваць нас, спрабаваць нахіляць, стаць каленам на грудзі бессэнсоўна… Учора ўвечары я атрымаў інфармацыю: урад Расеі разумее, што трэба ісці крок па кроку ў пытаннях інтэграцыі. Мы гатовыя з заўтра пачынаць гэтую працу па інтэграцыі, пра якую Беларусь кажа ўжо не першы год».

Таксама сёння Лукашэнка казаў, што не прасіў аніякага прабачэння ў Пуціна, аднак гэтаму факту ёсць відэапацверджанне. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Потым прыйшлося прасіць прабачэння перад гаспадаром сённяшняй сустрэчы. Вельмі бурная была дыскусія, але вам лепш не чуць гэтага».

Расея будзе сама прасіць, каб Украіна ўступіла ў NATO. На сустрэчы з расейскімі журналістамі Аляксандр Лукашэнка агучыў сваю пазіцыю па сітуацыі ва Украіне і шляхах спынення вайны ў Данбасе. Давайце паслухаем:

«Я ўжо гатовы быў як памежнік стаць на той мяжы, улічваючы, што да мяне нармальна расейскія людзі ставяцца і ўкраінцы, і выбары там правесці паводле менскіх дамоваў… Што вы думаеце? Тыя, каму трэба спыніць гэтую вайну, перш за ўсё Парашэнка і ўкраінцы, самі пачалі гэта адкідаць. Матывацыю знайшлі: Лукашэнка прарасейскі!»

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM