Ці магчыма атрымаць выгаду з сённяшняй сітуацыі і як не прагарэць? Новы выпуск ток-шоу «Кожны з нас» прысвечаны сферам нерухомасці ды аўтамабільнаму рынку.
«Рыэлтар раіць знаёмаму тэрмінова прадаваць трохпакаёўку. Кажа, што праз год за такія грошы можна будзе набыць дзве такія ж кватэры», – звяртаецца да экспертаў у студыі вядоўца Глеб Лабадзенка.
Рыэлтар Аляксандр Манько адзначае, што цяпер кошты на рынку нерухомасці замерлі, і тыя, хто хоча прадаць кватэру цяпер, тэрмінова апускаюць кошты. Іншыя ж спяшаюцца набыць нерухомасць, каб укласці ашчаджэнні.
«У сувязі з тым, што цяпер крэдытаў выдаюць менш, то гэта (набыццё кватэры. – belsat.eu) можа сабе дазволіць толькі той, хто мае жывыя грошы – наяўныя. У каго грошай няма, будуць чакаць. Гэта будзе мінімум паўгода, кошты будуць падаць паволі. Апошнім разам, калі ў нас быў валютны крызіс, кошты апускаліся цягам трох гадоў: з $ 1860 да $ 1000 прыкладна па 30 % за год», – адзначае Аляксандр.
Аляксандр сам збіраўся сёлета набыць кватэру для сябе, але ў сувязі з крызісам памяняў свае планы. У студыі эксперт тлумачыць:
Мадэль Яўгенія Цюленева здае ў сталіцы ўласныя кватэры. Ейны дабрабыт залежыць ад рацыянальных паводзінаў у крызіс ці ў стабільныя часы. Ці варта ісці на авантуры з жыллём сёння? Яўгенія выказвае ўласнае меркаванне, абапіраючыся на жыццёвы досвед.
У першыя месяцы 2020 года ў Беларусі значна павялічыўся попыт на новыя аўтамабілі з салонаў. Людзі, што мелі высокія інфляцыйныя чаканні, куплялі машыны, каб потым даражэй іх перапрадаць. Некаторыя – каб проста ўкласці ашчаджэнні хоць у нейкія актывы.
Галоўны рэдактар аўтапарталу av.by Зміцер Макарэвіч і рэдактар спецпраектаў сайту «Аўтабізнес» Юрый Гладчук апісваюць сённяшняе становішча на рынку. Эксперты спрабуюць даць адказ на пытанне, ці варта ў сённяшні крызіс займацца купляй-продажам машынаў у спадзеве на выгаду. А таксама прагназуюць, ці паўторыцца сітуацыя 2015 года, калі ў доларавым эквіваленце кошты на аўтамабілі, прыгнаныя з Расеі, апусціліся на 50–70 %.
Кідацца ў крамы і скупляць бытавую тэхніку, машыны на апошнія грошы – гэта стандартныя паводзіны беларусаў падчас хістання курсу беларускага рубля. Хоць аўтарытэтныя эксперты на гэты раз папярэджваюць: новы крызіс будзе адзначацца ростам коштаў і, верагодна, стабільнай сітуацыяй з курсамі валютаў.
Псіхолаг Крысціна Ласка называе завядзёнку беларусаў скупляць тэхніку ў крамах кампульсіўнымі паводзінамі. Таксама яна крытыкуе тактыку ісці ва-банк падчас крызісу.
«Сацыяльныя сеткі зараз транслююць, што крызіс можа паслужыць для чалавека штуршком развіцця. «Ты самы разумны, купі наш прадукт – і ты пераможаш, – разважае Крысціна Ласка. – Але агулам нашая задача ў сённяшняй сітуацыі – захаваць бяспеку і выжыць. Пытанні развіцця і камфорту адсоўваюцца на задні план. Пастарайцеся спачатку адчуць грунт пад нагамі. Калі атрымаецца і будзе рэсурс – можна рухацца наперад. Але рабіць гэта ў стане трывогі, на мой погляд, небяспечна».
Як сябе паводзіць падчас крызісу, як не згубіць ашчаджэнняў, а можа яшчэ і зарабіць – пра ўсё гэта ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас».
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.