Праблемы адаптацыі: былыя асуджаныя не могуць уладкавацца на працу


Гэтым разам здымачная група «Маю права» накіравалася ў Капыль. Тут жыве Канстанцін Геранок, яму 21 год, ён сірата. Амаль адразу пасля выпуску з дзіцячага дому маладзёна асудзілі за крадзеж.

«Я вызваліўся 15 лістапада, і два месяцы я на волі. У дадзены момант я мушу бадзяцца па розных хатах, жыць у розных людзей», – кажа Канстанцін.

Канстанцін застаецца пад прэвентыўным наглядам і не можа пакідаць межаў Капыля. У свой час маладзён не паспеў атрымаць сацыяльнага жылля, бо быў за кратамі. Але статусу сіраты ён не страціў.

«Я пісьмова звяртаўся да старшыні Капыльскага райвыканкаму з просьбаю палепшыць мае жыллёвыя ўмовы. Мне адказалі, што могуць мне выдзеліць толькі арэнднае жытло, толькі як арандатару», – распавёў Канстанцін.

Аб’ектыў
Заробак вязня калоніі – 61 капейка на месяц. Як дзяржава выкарыстоўвае рабскую працу зняволеных?
2019.05.10 23:20

Але аплочваць арэндную кватэру няма чым. Наш герой стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці, але працадаўцы не вельмі хочуць уладкоўваць былога сядзельца. Неяк пратрымацца хлопцу дапамагаюць пасылкі з гуманітарнаю дапамогаю ды разавыя падпрацоўкі.

«Дапамагаў суседзям дровы калоць, дапамагаў з рамонтам, цяпер кампутар рамантую, – кажа Канстанцін Геранок, – каб мець хоць нейкія грошы на ежу».

Шанец на выпраўленне

Яшчэ з-за кратаў наш герой даслаў ліст Станіславу Цыбінскаму з Беларускага цэнтру падтрымкі зняволеных.

«Калі ён вызваліўся (К. Геранок. – Заўв. «МП»), мы яго сустрэлі, далі неабходныя рэчы, прадукты, забяспечылі мабільным тэлефонам і грашыма. У мяне ёсць знаёмая Марыя, якая мае сваё швейнае прадпрыемства, – кажа Станіслаў Цыбінскі. – Я паразмаўляў з ёю, каб яна яго працаўладкавала, і яна пагадзілася. Яна якраз прымае былых асуджаных. Але мы сутыкнуліся з тым, што крымінальная інспекцыя не дазволіла нам гэтага зрабіць».

Згаданае прадпрыемства «Мрыя», якім кіруе Марыя Станіслаўская, месціцца ў Горадні ды сапраўды мае патрэбу ў працаўніках для другой змены.

«Мы шыем фірмовую спецвопратку, бялізну, замовы ад розных арганізацыяў. У нас на першай змене працуе былы асуджаны. Мы вельмі задаволеныя ягонаю працаю, ён вельмі добра ўжыўся ў наш калектыў», – кажа кіраўніца прадпрыемства «Мрыя».

Аб’ектыў
У Менску правялі кірмаш вакансіяў для былых вязняў
2019.10.25 00:08

На базе прадпрыемства працуюць курсы, на якіх рыхтуюць адмыслоўцаў швейнае справы, таму гатовыя прыняць на працу Канстанціна Геранка з Капыля.

«Я спадзяюся, што і ў яго атрымаецца, і мы будзем задаволеныя вынікамі ягонай працы, – кажа Марыя Станіслаўская. – Канечне, калі ён мае вялікае жаданне працаваць і падвышаць свой прафесійны ўзровень».

Праваабаронец цэнтру «Вясна» Віктар Сазонаў параіў нашаму герою зрабіць наступныя крокі, каб усё ж такі ўладкавацца на працу ў Горадні:

«Безумоўна, яму трэба зараз звяртацца да праваабаронцаў па дапамогу, у грамадскія інстытуты, калі дзяржаўныя інстытуты не могуць яму аказаць дапамогі. Абскарджваць гэтыя рашэнні камісіі, абскарджваць ва ўсе інстанцыі, каб прабіць гэтую сцяну».

Мы патэлефанавалі Уладзіміру Сувораву, інспектару крымінальна-выканаўчай інспекцыі Капыля, але размова не дала магчымасці даведацца пра далейшы лёс Канстанціна Геранка, аднак Сувораў адмовіўся ад каментара.

Канстанцін Геранок з Капыля не губляе надзеі ды спадзяецца скарыстацца шанцам і змяніць сваё жыццё.

«Спадзяюся, што крымінальна-выканаўчая інспекцыя дасць дазвол на выезд у Горадню, і я змагу там пачаць новае жыццё», – сказаў нам на развітанне маладзён.

Мaю прaвa
Кіроўцу прымушаюць працаваць на гнілым ламаччы і пагражаюць звольніць
2019.10.02 20:05

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Трапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага Суда немагчыма
  • Беларусы – пра давер да тых, хто выйшаў з-за кратаў
  • Сапсаваная апона спрычынілася да праблемаў на мяжы
  • Жыхары менскай Грушаўкі намагаюцца выратаваць сквер

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.