«Польскія памежнікі павінныя былі паважаць мясцовых жыхароў, звяртацца да іх «пан», а не «хозяин»


Сёлета спаўняецца 80 гадоў з моманту, калі пасярод нашай краіны знікла мяжа, якая дзяліла Беларусь на заходнюю і ўсходнюю частку. Разам з гэтай мяжой адышла ў мінулае каларытная частка гісторыі, якую наш сённяшні госць сімвалічна называе Заходнебеларускай Атлантыдай. Ігар Мельнікаў, гісторык, даследчык, калекцыянер, аўтар кніг пра беларуска-савецкае памежжа ў міжваенны перыяд:

«Кніга «Мяжа была пад Менскам» – гэта адзін з самых удалых маіх праектаў, прысвечаны гэтай даваеннай мяжы. Вялікую цікавасць выклікаюць гэтыя выданні не толькі ў палякаў, але і ў беларусаў. Дата «1921-1941» сведчыць пра тое, што гэтая мяжа існавала і працягвала існаваць пасля ўз’яднання ў 1939 годзе ў якасці зоны загароды. Польскія калегі хваляць гэтую кнігу за тое, што я апісваю два бакі мяжы: не толькі польскі, які ў прынцыпе палякамі даследаваны, але таксама той савецкі, або беларускі бок. […] Я прынёс рэчы з маёй асабістай калекцыі. Гэта календары, якія выдаваліся ў 30-я гады польскімі памежнікамі, і ў якіх прапісаныя вельмі цікавыя ўмовы. Напрыклад, як трэба польскім вайскоўцам стасавацца з мясцовымі жыхарамі: паважаць іх, не называць «хозяин», а называць іх «пан», таму што яны грамадзяне Польшчы, як і гэтыя жаўнеры. […]

Калі я ішоў на перадачу, правёў такую паралель з сучаснасцю. Тады працавала выведка, савецкая выведка ў Заходняй Беларусі, польская выведка спрабавала вывучаць БССР. Зараз таксама існуюць праблемы. Зараз, каб я трапіў у гэтыя архівы, мяне правярае польская контрвыведка, таму што я замежны грамадзянін – і ўсё правільна, таму што гэта вайсковыя архівы! Я не маю ніякіх супраціваў».

belsat.eu