Першы фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok» на Карла Маркса ў Менску


Першы фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok» сабраў артыстаў ад палескіх бабуляў да сучасных этнагуртоў. «Хадзі, Раёк, у наш дварок!» А дакладней, у дворык Гістарычнага музею. У беларускіх песнях слова «Раёк» азначае канец лета і жніва, гэта дух, які прыносіць ураджай і дабрабыт.

Праект у пэўным сэнсе стаў пераемнікам фэсту «Камяніца», які сёлета не адбудзецца ўпершыню за 10 гадоў. Аднак «Раёк» менш засяроджваецца на сучасным фольку, а паглыбляе гледача ў аўтэнтычную культуру. Заснавальнік фэсту Сяргей Доўгушаў запрасіў калектывы з усёй Беларусі, каб паказаць розныя традыцыі спеваў:

«Калектывы, якія прадстаўленыя тут, складана знайсці на нейкім дзяржаўным свяце. Мы знаходзім і з самых глыбіняў Палесся прывозім калектывы, такія як «Хатовічы», «Церабяначка». Гэтыя калектывы працягваюць традыцыю сваіх дзядоў і бабуль».

На фестывалі ўся палітра традыцыйных інструментаў – ад цымбалаў і скрыпкі да акарынаў і дуды, можна было нават паспрабаваць зайграць на іх. А самыя чароўныя гукі ажывалі ў руках Івана Кірчука падчас монаспектаклю «Дарожка мая» – тут і бубен, і костка ваўка, і камяні. Музыка выконвае старажытныя песні, замовы, абрады, прымярае розныя маскі ды вядзе нас шляхам ад нараджэння да смерці, ад вясны да Калядаў. Магічнай дзеяй на сцэне лідар гурта «Троіца» адсвяткаваў свой 61-ы дзень народзінаў:

«Можна пахваліцца, што за два гады «Дарожка» прайшла амаль 60 разоў, гэта вялікі поспех, на мой погляд. Але столькі рэквізіту, колькі сёння, я ўжо не важу, бо гэта вельмі складана. Чатыры гадзіны займае падрыхтаваць гэта ўсё – падабраць ручнікі, посцілкі, раскласці музычныя інструменты».

Духоўныя песні пад старажытную колавую ліру. Інструмент гэты згадваецца на беларускіх землях з 12 стагоддзя. Лірнікамі традыцыйна былі вандроўныя сляпыя людзі, вядомыя гісторыі і жанчыны-лірніцы. Сёння ёсць майстры, якія вырабляюць гэты інструмент, а вось у музычных школах граць на ліры пакуль не вучаць.

Лірніца Кацярына Радзівілава вучылася ад майстроў:

«Гэтая традыцыя, мне здаецца, пакуль што існуе ў вузкім коле людзей. Хацелася б, каб лірніцкая традыцыя распаўсюджвалася гэтак жа, як у свой час распаўсюджвалася дударская».

На вуліцы Карла Маркса мінакі нечакана трапляюць на сапраўдную вясковую бяседу, якой не бывае без спеваў. А даведацца, пра што спявалі нашыя продкі і, магчыма, аднавіць традыцыю ў сваёй сям’і – можна, паслухаўшы альбом «Бяседныя песні». У кружэлку ўвайшлі студыйныя і архіўныя запісы, пачынаючы з 60-х гадоў, кажуць Сяргей Выскварка з Любанскага дому культуры ды Яніна Грыневіч, укладальніца дыску:

«Тут самыя каштоўныя – даўнія запісы, такія залацінкі, тое, чаго цяпер ужо і не пачуць. Напрыклад, тут ёсць песні з вёскі Малыя Гарадзячыцы Любаньскага раёну, якія спяваюць дзве сястры Вольга Цішка і Раіса Слівец, іх няма ўжо ніводнай. Але ў 80-я гады іх паспелі запісаць, і якраз гэта найцікавейшы запіс».

«Бяседныя песні – яны не толькі вясёлыя, гэта ўвогуле песні пра жыццё, пра такія звычайныя побытавыя сітуацыі – нялюбы муж, свякроўка, якая не любіць нявестку, або наадварот, пра сямейнае шчасце. Таму, мне падаецца, яны застаюцца актуальныя і сёння».

Песні жніва, няўрымслівыя габрэйскія танцы, дударскія мелодыі – фестываль раскрыў нашыя традыцыі ва ўсім іх шматгалоссі. А публіка загадзя падтрымала праект праз краўдфандынг. Таму можна спадзявацца, што «Раёк» будзе жыць.

Аляксандра Дорская belsat.eu