Перформансы пратэсту


У часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі беларуская інтэлігенцыя, нягледзячы на рэпрэсіі, наладжвала акцыі пратэсту ў форме дасціпных палітычных перформансаў супраць дыктатуры і задушэння свабоды. Мастацкі перформанс як форму палітычнай барацьбы запачаткаваў у Беларусі Алесь Пушкін.

Тады яшчэ студэнт Тэатральна-мастацкага інстытуту, ён у 1989 годзе на ўгодкі БНР выехаў з аркі роднага інстытуту на Ленінскі праспект на кані ў вобразе вершніка з гербу «Пагоня». Сярод самых моцных ягоных мастацкіх акцыяў пратэсту – фрэска ў Бобраўскай царкве, дзе сярод грэшнікаў ён намаляваў людзей, падобных да беларускага прэзідэнта і менскага мітрапаліта.

30 жніўня 1997 году ў Менску на плошчы Бангалор, куды з цэнтру гораду рэжым выцясняў акцыі апазіцыі, паэт Славамір Адамовіч публічна зашыў сабе рот на знак пратэсту супраць удушэння свабоды слова. Гэта адбылося ў часе дэманстрацыі незалежных журналістаў на знак салідарнасці з карэспандэнтам расейскага тэлеканалу ОРТ Паўлам Шараметам, які сядзеў у беларускай турме. У гэты дзень гэты задворак сталіцы ўвасабляў вязніцу, а трынаццаць журналістаў, апранутых у турэмныя робы з кратамі ў руках, – яе вязняў. Паэт толькі што выйшаў з турмы, у якой ён правёў 10 месяцаў за напісаны ім саркастычны верш «Убей президента».

Праз два гады апоўдні 21 ліпеня 1999 году ля цэнтральнага пад’езду будынку Адміністрацыі прэзідэнта краіны на вачох дзясятка незалежных журналістаў мастак Алесь Пушкін зладзіў дзёрзкі і эфектны перформанс. Ён выкаціў вазок з гноем да параднага пад’езду Адміністрацыі і вывернуў яго, зрабіўшы містычнае дзеянне: віламі з усяго размаху прыбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі да гною. Мастака затрымалі, а пазней асудзілі на два ўмоўныя гады пазбаўлення волі.

Ладзіць акцыі пратэсту ля будынку прэзідэнцкай адміністрацыі апазіцыйная грамадзкасць імкнулася шмат разоў. Як правіла, дэманстрацыі спыняліся міліцыяй і АМАПам на падыходах да гэтага месца. А вось нешматлікія перформансы часам удавалася зладзіць, але не ля ганку, як гэта зрабіў Пушкін, а праз дарогу, у скверы.

24 траўня 1995 году некалькі дзясяткаў студэнтаў выказвалі пратэст супраць вынікаў рэферэндуму, які скасоўваў дзяржаўны статус нацыянальнай сімволікі. Старшыня Партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі ўзняў чырвона-зялёны сцяг на размешчанай там гарадской прыбіральні. А калі сцяг быў зняты, яго падралі на кавалкі (па прыкладзе прэзідэнцкага «заўгаса» Івана Ціцянкова, які пасля рэферэндуму разадраў на даху Адміністрацыі бел-чырвона-белае палотнішча) і перад тэлекамерамі спалілі. Удзельнікаў акцыі арыштавалі. Цяпер Андрэй Рамашэўскі знаходзіцца ў эміграцыі.

Перфоманс у 1990-я гады і аж да сёння ёсць неадемнай часткай выказвання грамадзянскай пазіцыі і для мастакоў суполкі «Пагоня».

Сведкі – Алесь Пушкін, Славамір Адамовіч, Паўлюк Канавальчык.