Перамагчы смерць: беларусы распавялі пра цуды, што з імі сталіся

Рак у апошняй стадыі, лабавое сутыкненне, наезд фуры, падзенне з 500 метраў і цяжарнасць пасля спарону. Здавалася б, гэтыя гісторыі не могуць мець добрага канца. Але госці чарговага выдання «Кожны з нас» пацвярджаюць, што гэта не так. Што з імі здарылася, хто дапамог вярнуць здароўе і як змянілася іхнае жыццё?

Бабруйскі тэрмінатар

Жыхара Бабруйску Андрэя Жука двойчы збівалі аўтамабілем.

«Я спяшаўся на экзамен у ДАІ і паспрабаваў перабегчы дарогу ў недазволеным месцы. І вось мяне збіла фура ды правезла на сабе яшчэ 30 метраў, – згадвае Андрэй. – У мяне быў разрыў селязёнкі, моцная страта крыві, цяжкая траўма чарапной каробкі, пералом сцягна. Дактары давалі толькі адзін адсотак са ста на выжыванне. Пасля сямі дзён у коме, як распавядала мая мама, хацелі адлучаць ад усіх апаратаў. Казалі, што нават калі я выжыву, то стану «гароднінаю»…

Аднак Андрэй апрытомнеў і здолеў цалкам узнавіцца. Праз некалькі гадоў ужо на пешаходным пераходзе яго збівае легкавік. І гэтае здарэнне не сталася фатальным!

«Мне здаецца, што я выжыў, каб жыў для чагосьці большага. Значыць, я яшчэ для чагосьці патрэбны», – разважае Андрэй Жук.

«На чацвёртай стадыі раку здарыўся дзівосны збег акалічнасцяў»

Колькі гатоў таму Надзеі Гацак паставілі анкалагічны дыягназ. Гэта была апошняя стадыя.

«Страшна хацелася жыць. Проста да болю ў грудзях. Але больш страшна было, калі пасля чатырох месяцаў і васьмі курсаў хіміі здарыўся рэцыдыў», – распавядае спадарыня Надзея.

У той самы крытычны момант жанчына даведалася пра цяжарнасць. Ёй раілі зрабіць перарыванне, але з рэлігійных перакананняў Надзея пастанавіла рызыкнуць, вынасіць дзіця. І гэта ўдалося. А хвароба… адступіла.

«Сёння анколагі кажуць, што ствалавыя клеткі дзіцяці, якія былі ў плацэнце, паўплывалі на мяне найлепшым чынам. Хоць гэтая гісторыя ні ў якім разе не можа стаць рэцэптам для іншых людзей. Я спадзявалася на Бога ў сваіх рашэннях. Тое, што адбылося, – гэта напэўна цуд».

Падзенне з вышыні 144 паверху

Іван Красоўскі – беларускі парапланерыст, які трапіў у аварыю на вышыні больш за 600 метраў. Беспасярэдне падзенне адбылося з вышыні каля пяці соцень метраў, ці з вышыні 144-павярховага хмарачосу. Дзівосным чынам мужчына ацалеў. Цікава, што ягонае цела літаральна прабіла бервяно, не закрануўшы жыццёва важных органаў.

«У той сітуацыі не спрацавала сістэма бяспекі, парашут не раскрыўся. Падзенне доўжылася секунды. Параплан зачапіўся за дрэва. Што адбывалася, я не разумеў. Атрымалася, што проста ўпаў – і жывы. Такое магло адбыцца толькі са мною, – кажа Іван Красоўскі. – Раней ніколі не разумеў, для чаго мы жывём. А сёння разумею, што мы паявіліся ў гэтым свеце для таго, каб практыкавацца, нешта зразумець, узрасціць душу».

Пасля неверагоднага здарэння мужчына хутка паправіў здароўе і працягвае лётаць на параплане.

Пасля ДТЗ месяц прабыла ў коме і нарадзіла дачку

Калерыя Стэфаненка трапіла ў жахлівую аварыю, дзе загінулі чатыры чалавекі. Але жанчына і ейны паўтарагадовы сын ацалелі. Калерыя месяц прабыла ў коме, будучы пры гэтым цяжарнаю. Прыйшоўшы ў свядомасць, здолела нарадзіць.

У студыі ток-шоу «Кожны з нас» Калерыя Стэфаненка згадвае акалічнасці свайго ўзнаўлення і разважае, як змяніўся ейны светагляд.

Нарадзіла дачку пасля таго, як сказалі, што дзіця загінула

Медыкі не могуць знайсці лагічнага тлумачэння гэтай гісторыі. На восьмым тыдні цяжарнасці Вользе Кір’янавай сказалі, што плод загінуў, зрабілі гэтак званае перарыванне. Але праз два месяцы высветлілася, што дзіця жывое.

«У нашым выпадку не вера прыйшла ад цуду, а цуд прыйшоў ад малітвы», – мяркуе спадарыня Вольга.

Якім цудам усё гэта сталася? Хто зрабіў магчымым уратаванне? Ці відаць па гасцях, праз якія выпрабаванні яны прайшлі? Пра гэта даведаецеся ў чарговым выданні ток-шоу «Кожны з нас».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

«Я пабачыла тое, чаго ніколі не чакала ў медыцыне». Што адбываецца за дзвярыма больніцаў?

Не важна, чым скончацца выбары. Самае цікавае пачнецца пасля іх

«Прадай кватэру і на гэтыя грошы купі дзве». Ці варта рызыкаваць падчас крызісу?

Вялікая Айчынная вайна – прапагандысцкі міф ці нагода для гонару?

Рост коштаў, звальненні, галеча. Беларусь чакае вяртанне ў 1990-я

«Гэта біялагічная бомба». Дактары ды сваякі загінулых – пра каронавірус

Ні дыягназу, ні інваліднасці, ні пенсіі: чарнобыльцы распавялі, як іх ашукала дзяржава

Выбары-2020: хто здольны супрацьстаяць Лукашэнку?