Рэакцыя парламентарыяў з Нідэрландаў на затрыманні на Кастрычніцкай плошчы


Да гарачай тэмы – затрыманняў палітыкаў і актывістаў падчас Дня Волі. Толькі ўчора ўвечары, паводле падлікаў праваабаронцаў, сілавікі затрымалі 15 асобаў – большасць з іх, праўда, ужо выпусцілі. Сведкам падзеяў стаў палітык Анатоль Лябедзька, які ў гэты час праходзіў па Кастрычніцкай плошчы з парламенцкай дэлегацыяй Нідэрландаў. Як галандцы адрэагавалі на пабачанае?

Анатоль Лябедзька, Цэнтр еўрапейскага дыялогу:

«Самае цікавае было на сустрэчы пасля. Кіраўнік дэлегацыі парламентароў з Нідэрландаў сказаў: ва ўсіх кабінетах улады нам казалі адно і тое ж, як пад капірку, што Беларусь – дэмакратычная краіна, дзе правіць закон. Таму нідэрландскія інвестыцыі могуць спакойна сюды прыходзіць. Гэта нам казалі там. Але мы хочам пачуць ад вас, ці гэта так. І я гавару: прабачце, я сёння без гальштука, я сёння ў швэдры, я пайшоў з плошчы Кастрычніцкай, дзе адбылося тое і тое. Мне спатрэбілася шмат часу, каб патлумачыць нідэрландцам, чаму толькі за намер ускласці недзе кветкі альбо пайграць на музычных інструментах (што не забаронена беларускім заканадаўствам), людзей затрымліваюць і трымаюць у няволі 3-4 гадзіны. Рэакцыя была такая: спачатку здзіўленне, потым цікавасць, а потым жах. Чалавек, які жыве ў Нідэрландах, не можа гэтага зразумець…»

Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Павел Аракелян на волі – гэтая навіна заспела рэдакцыю «Аб’ектыву» ужо пасля заканчэння ўчорашняга эфіру. Музыкаў затрымалі напярэдадні – яны нават не паспелі расчахліць інструменты, каб зладзіць святочны канцэрт у Старым горадзе. Да Вольскага, Вайцюшкевіча, Варашкевіча і Аракеляна падышлі праваахоўнікі, якія – увага! – для высвятлення асобаў адвезлі рок-зорак у пастарунак.

Запіс размовы з Лявонам Вольскім – у відэа.

belsat.eu