Парады на кожны дзень: як плаціць у краме ўдвая менш


Коштавы парадокс: ваш улюбёны пральны парашок сёння стаіць на зніжцы. Калі не ў «Еўраопце», то ў «Міле». Калі не ў «Міле», значыць, у «Суседзях». Тое самае з кавай ці гароднінай.

Распавядаем, за якія рэчы і харчы можна плаціць палову звычайнага кошту – і як рабіць гэта штодня.

«З палітыкі, якая была 10 гадоў таму, калі на акцыі трэба ўпарыць нешта непатрэбнае, акцыя стала інструментам прасоўвання як новых тавараў, якія якасныя, але хочуць трапіць на рынак, так і ўжо звыклых брэндаў», – эксперт на спажывецкім рынку Валянцін Сакалоўскі лічыць акцыі рэальным і разумным варыянтам эканоміі.

Таму такую ж параду можна даць і аматарам кавы. Не хадзіце па каву адмыслова – як на злосць, зніжак не будзе. Купляйце яе, калі бачыце зніжкі на 30–50 %, нават калі кава пакуль вам і не патрэбная – пару тыдняў яна выдатна пастаіць у герметычным пакунку. Або ідзіце на Камароўку – там кава заўсёды таннейшая, чым у крамах.

Дарэчы, садавіна і гародніна – таксама. Агуркі за 4 рублі, памідоры за 2, яблыкі за 1,8 рубля. А пад канец дня можна згандлявацца на зніжку на паўрубля ці рубель. Або свініну знайсці за 6 рублёў за кілаграм.

Асабісты капітал
Грэчка на 18 %, яблыкі на 45 %. Як жыць, калі ўсё даражэе?
2019.12.09 19:05

Адно малако можа каштаваць 1 рубель 49 капеек, другое 1 рубель 39 капеек. У іх аднолькавы вытворца. Аднолькавы склад. І нават пакункі аднолькавыя. 10 капеек розніцы паміж імі таму, што другі пакунак – уласная гандлёвая марка супермаркету.

Кошты на прадукты ўласнай гандлёвай маркі – самыя нізкія сярод аналагічных тавараў. У «Гіпа» гэта тавары пад брэндам «Очень», у «Green» – «Местное известное», у «Алмі» – «I’m happy», у некаторых яны ідуць пад назвай гандлёвай сеткі.

Яшчэ эканамічны варыянт, якім мала хто карыстаецца, – закупацца ў танных дыскаўнтарах на тыдзень.

«У Беларусі фармат гіпермаркету, гіпердыскаўнтэру не працуе. Усё жыццё беларусы лічылі, што гіпермаркет – гэта такі супермаркет з трошкі пашыраным асартыментам. То бок вось гэтая палітыка прыехаць і закупіцца на тыдзень ці на два тыдні ў нас не прыжылася зусім», – прызнае Валянцін Сакалоўскі.

Між тым, мы знайшлі тут алей за 1 рубель 70 капеек за літр, кансерваваны гарошак за паўтара рубля, згушчанае малако менш чым за 2 рублі. А гуртам нават і танней.

«Выдатны спосаб зэканоміць – гэта абмежаваць свой бюджэт на адну пакупку. Не разбіваючы яго на таварныя пазіцыі, не арыентавацца на цэны канкрэтных тавараў, а разумеючы, напрыклад, што больш за 20 рублёў у гэты дзень на адну пакупку я выдаткаваць не магу», – прапаноўвае варыянт Валянцін.

Асабісты капітал
Асцярожна – падробкі! Як украінскія тавары выдаюць за беларускія
2020.02.07 15:11

А што для коцікаў і сабачак?

Калі вам трэба карміць не толькі сябе, але і хатніх гадаванцаў, то зэканоміць складаней. Можна браць танны корм. Але ён горш насычае жывёліну, і гадаванец з’ядае яго больш. Яўген Станевіч, загадчык заалагічнай крамы «Garfield», спрабаваў эканоміць на даражэйшым корме.

«Яго кошт за кілаграм на вагу, напрыклад, – 18.60. Пры гэтым норма кармлення на дзень – 40 грам. У выніку, за месяц у мяне сыходзіць каля 25 рублёў на адну котку», – дзеліцца ўласным досведам Яўген.

А з танным кормам котка наядала на 44 рублі за месяц. Акрамя таго, танней купляць корм вялікімі пакункамі. Аптымальна – вагой 5 кілаграмаў.

«Цана за маленькую ўпакоўку – 15.70, за кілаграм атрымліваецца парадку 52 рублёў. А калі мы купляем ўпакоўку 5 кілаграмаў, то цана за кілаграм будзе ўжо каля 30 рублёў», – падлічвае Яўген.

Не прапускайце зніжак – тут яны, прыкладам, пры начной замове на сайце даходзяць да 30 %.

Асабісты капітал
Для простага чалавека прадукты даражэюць, для багатага – таннеюць
2019.04.04 15:24

І не трэба перажываць, што вам даводзіцца эканоміць на ежы. Паводле даследавання кампаніі «Nielsen», сёння эканомяць амаль 70 % беларусаў. З іх прыкладна палова – на харчах і адпачынку, больш за траціну – на адзенні. Але жорстка ашчаджаць увесь час не атрымліваецца ні ў каго.

«Немагчыма сябе ўвесь час абмяжоўваць у набытках і жыць у рэжыме пастаяннай эканоміі. Рана ці позна ты сарвешся і накупляеш усякай бескарыснай непатрэбнай бздуры», – папярэджвае Валянцін Сакалоўскі.

Рэжым жорсткай эканоміі спрацоўвае толькі на нейкі перыяд. Але цягам жыцця эфектыўнай можа быць толькі тактыка разумнага спажывання: не купляць лішняга і адсочваць свае траты.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як сэрвісныя майстэрні «разводзяць» на грошы
  • Як 14 лютага ратуе продажы
  • Колькі мы гатовыя плаціць за сувязь?

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».