Палітолаг пра Мезенцава: «Ён зоймецца падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў»


Беларускі бок не супраць прызначэння новага амбасадара Расейскай Федэрацыі, ды не можа сказаць нічога дрэннага пра папярэдняга пасла – Міхаіла Бабіча, паведаміла інфармацыйнаму агенцтву ТАСС прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. У сваю чаргу МЗС Беларусі ўвогуле пакінуў замену расейскага дыпламатычнага прадстаўніка без каментара.

Напярэдадні ўвечары на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы прэзідэнта Расеі з’явіліся два ўказы. Першым Уладзімір Пуцін зняў Бабіча з пасады надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Расейскай Федэрацыі ў Беларусі, а наступным адразу прызначыў на пасаду амбасадара Дзмітрыя Мезенцава. Больш падрабязна ракіроўку дыпламатычных прадстаўнікоў каментуе палітолаг Вольга Харламава.

На думку Вольгі Харламавай мэты Мезенцава не могуць адрознівацца ад мэтаў Бабіча.

«Прынамсі тыя, якія агучваюцца. І калі мы кажам пра рэальныя мэты і тыя, якія заяўляюцца, мы разумеем, што ў Расеі свае ўласныя мэты, сваё бачанне Беларусі і месца Беларусі ў РФ. Мезенцаў будзе працягваць працу, якую распачаў Бабіч. Але Мезенцаў іншы палітык. Я ўпэўненая, што ён будзе рабіць гэта значна больш тонка і акуратна».

Паводле эксперткі, Мезенцаў будзе займацца ў Беларусі інфармацыйнай палітыкай.

«Я ўпэўненая, што ён будзе займацца падрыхтоўкай да прэзідэнцкіх выбараў. За паўтары гады ён можа паспрабаваць стварыць пэўныя расейскія структуры».

Поўную размову глядзіце ў відэа