«Па 500» не будзе? Чаму заробкі растуць, а беларусы бяднеюць


Згодна са звесткамі, якія апублікаваў Белстат, заробкі ў краіне выраслі на 7,3 %. Чаму гэтыя звесткі – толькі маніпуляцыя з лічбамі, а да жаданых 500 беларусы ў агляднай будучыні не дацягнуць? На гэтыя ды іншыя пытанні, якія паўсталі днямі, шукалі адказаў вядоўца праграмы «Размова тыдня» Святлана Калінкіна і госці студыі – эканаміст Леў Марголін і праваабаронца Раман Кісляк.

Аптымістычная статыстыка мае дадаваць веры ў заўтрашні дзень, але эканаміст Леў Марголін канстатуе: падставаў для радасці няма.

«Ёсць такія хітрыкі ў статыстыцы, які дазваляюць рабіць прыгожую карціну. Па-першае, гэта праца на няпоўную занятасць. Калі на прадпрыемстве сто чалавек працуюць на палову стаўкі ды атрымоўваюць па 300 рублёў, то ў статыстыцы гэта будзе 50 чалавек, якія працуюць на поўную стаўку і атрымоўваюць па 600 рублёў», – тлумачыць эксперт.

Праваабаронца Раман Кісляк адзначае, што ў Берасці вельмі моцна адчуваецца разрыў, які ўзнікае паміж багатымі ды беднымі, таму пратэставыя настроі ў рэгіёнах нарастаюць.

Таксама ў праграме «Размова тыдня» са Святланай Калінкінай і яе гасцямі эканамістам Львом Марголіным і праваабаронцам Раманам Кісляком:

– Чаму нельга спадзявацца на прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў?

– Якім чынам улады маніпулююць законам?

– З якой місіяй Уладзімір Сямашка заступае на пасаду амбасадара Беларусі ў Расеі?