П’яны пешаход выскачыў пад колы. Пешаходу – штраф, кіроўцу – крыміналка


Побач з метро «Усход» летась 1 траўня адбылося ДТЗ. Аўта, якое рухалася ў бок цэнтру Менску, збіла чалавека, які перабягаў праспект Незалежнасці. За стырном быў Дзяніс Сідаровіч.

«Пацярпелы выбег з-за слупа з супрацьлеглага боку. І на другой паласе, як кажуць, я яго «злавіў», – прыгадвае падзеі таго вечара Дзяніс.

Збітага адкінула на ходнікі, вакол адразу сабралася шмат людзей, бо здарэнне адбылося побач з прыпынкам грамадскага транспарту.

«Вакол стаялі людзі, і я падумаў, што пах (алкаголю. – Заўв. МП) ідзе ад кагосьці з натоўпу. Калі я ўжо нахіліўся паглядзець, дыхае або не чалавек, то я зразумеў, што ён без прытомнасці, і пах алкаголю ідзе ад яго», – распавядае Дзяніс.

Мaю прaвa
Хлопца судзяць за крадзеж свайго ж аўта. Яму пагражае ад 3 да 5 гадоў зняволення
2019.09.25 20:05

Экспертыза паказала ў крыві пацярпелага Аляксандра Філіповіча больш за 2,5 праміле алкаголю. Дзяніс Сідаровіч жа быў цалкам цвярозы. Пешаход так хутка выбег на дарогу, што Дзяніс не паспеў яго нават заўважыць. Іншы кіроўца, сведка гэтага здарэння, цвердзіў тое ж самае: чалавека на праезнай частцы фактычна не было бачна.

«Ён напісаў у пратаколе, што сам не бачыў гэтага чалавека і яго нерэальна было заўважыць, – кажа Дзяніс Сідаровіч. – Ён (кіроўца-сведка ДТЗ. – Заўв. МП) да апошняга не разумеў, што адбываецца, чаму я затармазіў, пакуль не звярнуў увагі, што справа ляжыць чалавек».

Пешаход: «Я цалкам на ягоным баку»

Аляксандр Філіповіч, пацярпелы ў тым здарэнні, кіроўцу не вінаваціў. Дзяніс адведваў яго ў шпіталі і кажа, што той адразу прызнаваў сябе вінаватым.

«Ягоная першая фраза была, калі я яго адведваў: «Што я вінен за аўта?» Ён адразу быў настроены і да суда і цяпер на тое, што ён вінаваты», – узгадвае Дзяніс Сідаровіч.

Хлопцы нават падрыхтавалі заяву аб прымірэнні бакоў. Але з нейкіх прычынаў Аляксандра Філіповіча на суд не запрасілі. Прысуд для Дзяніса Сідаровіча апынуўся даволі жорсткім. Яго прызналі вінаватым і пакаралі двума гадамі ўмоўна, чатырма гадамі пазбаўлення пасведчання кіроўцы і 1800 рублямі штрафу.

Суддзя абапіраўся на следчы эксперымент. Дзеля гэтага нават перакрывалі праспект Незалежнасці на месцы здарэння.

«Паставілі кропкі: пешахода, машыну – і пачалі паступова з прамежкам у адну секунду рухаць аўта і спраўджваць, ці бачна пешахода. Але адна справа, калі і пешаход і аўта стаяць, і ты ведаеш, што трэба чакаць з’яўлення перашкоды на дарозе. Іншая справа, калі гэта ўсё рухаецца, едуць машыны насустрач, ён выбягае, ты едзеш… гэта зусім іншая справа», – кажа Дзяніс.

Мaю прaвa
Праблемныя аўты. Людзі губляюць грошы праз няўважлівасць ДАІ
2019.11.28 12:54

Даведаўшыся пра прысуд, пацярпелы Аляксандр Філіповіч напісаў скаргу. Здымацца ён адмовіўся, але сваю пазіцыю патлумачыў нам праз тэлефон.

«Буду казаць, каб з Дзяніса знялі… перагледзелі ягоную справу, скарацілі тэрмін пакарання. Я цалкам на ягоным баку. Мне далі штраф, што я пераходзіў дарогу ў неналежным месцы. А з Дзянісам… ну, неяк нават крыўдна, што для яго так усё павярнулася…», – каментуе Аляксандр Філіповіч.

Галоўнае – экспертыза

Юрыст abw.by Яўген Грачоў адзначае: у падобных выпадках галоўнае – экспертыза, і за яе правядзеннем трэба пільна сачыць. Змяніць жа прысуд можа дапамагчы паўторная экспертыза.

«Але дзеля гэтага патрэбны аргумент, нейкая відавочная нязгода. Умоўна кажучы, калі следчы эксперымент праводзіўся не ў той час, у які адбылося ДТЗ, або ў іншых умовах надвор’я – наагул пры любых іншых акалічнасцях, якія не адпавядаюць акалічнасцям ДТЗ», – кажа юрыст.

Перагляд справы прызначаны на 4 лютага. І Дзяніс Сідаровіч, і Аляксандр Філіповіч спадзяюцца, што ў іх атрымаецца прынамсі перавесці справу з крымінальнай у адміністратыўную.

Мaю прaвa
Хто абароніць ад п’яных кіроўцаў? Ахвяра ДТЗ змагаецца за справядлівасць
2019.12.11 19:05

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Махляры – за кратамі, але пацярпелы можа застацца без грошай
  • Засцярогі пры здзелках з нерухомасцю – у рубрыцы «Ведай свае правы!»
  • Беларусы – пра махлярскія схемы
  • Камітэт пры ААН стаў на бок фрылансэра

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.