Няма нафты – няма інтэграцыі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Расея пачакае, Беларусь зацягне пас. Але што далей з Саюзнай дзяржавай?

Уладзімір Пуцін раскрыў мадэль, паводле якой застанецца ва ўладзе пасля 2024 г. Аслабіць ролю чарговага прэзідэнта, узмацніць правы Дзяржаўнай думы (расейскага парламенту), а сам, імаверна, узначаліць Дзяржаўную раду, якая атрымае адпаведныя паўнамоцтвы. Добрая навіна для суверэнітэту Беларусі. Да гэтага моманту здавалася, што паглыбленая інтэграцыя існавала дзеля стварэння новага працоўнага месца Уладзіміру Пуціну. Калі не, то які лёс чакае Саюзную дзяржаву і эканоміку нашай краіны?

Генерал-лейтэнант ЗША у адстаўцы Бэн Ходжэз: «Гэта не момант для Беларусі каб расслабіцца»

Аляксандр Лукашэнка плануе сустрэцца з кіраўніком амерыканскай дыпламатыі, дзяржаўным сакратаром Майкам Пампэа, які збіраецца прыехаць у Менск. Свой першы візіт ён перанёс праз крызіс паміж ЗША ды Іранам. Якія пытанні могуць абмеркаваць палітыкі? Як з пункту гледжання Вашынгтону выглядае гэтак званая інтэграцыя Беларусі з Расеяй, а таксама што аб’ядноўвае ўсе тры пасажырскія самалёты, збітыя ракетамі за апошнія 20 гадоў? Інтэрв’ю з генерал-лейтэнантам арміі ЗША ў адстаўцы Бэнам Годжэзам, які раней камандаваў сіламі ЗША ў Іраку і Еўропе, а цяпер займае кіроўную пасаду ў вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі.

Няма нафты – няма інтэграцыі. Лукашэнка шукае новых хаўруснікаў у вайне за чорнае золата

Пра інтэграцыю – забыліся? Яшчэ месяц таму Беларусь чакала ледзь не канчатковае інтэграцыі з Расеяй, але цяпер нафтавая спрэчка ўнутры Саюзнае дзяржавы сягнула апагею. Абодва бакі штодня губляюць мільёны. Беларусь заяўляе пра пошукі альтэрнатыўных крыніцаў нафты – звярнуліся да ўсіх суседзяў. Расейцы, падаецца, упэўненыя: танней, чымся ў нас, не знойдзеце. Як Беларусь шукае хаўруснікаў у чарговай вайне за энерганосьбіты з Расеяй – матэрыял Усевалада Шлыкава.

Крызіс ЗША – Іран не скончыўся. Як Крэмль хоча скарыстацца аслабленнем Тэгерану?

Злучаныя Штаты ўзмацняюць санкцыі супраць Ірану, іранскае кіраўніцтва заяўляе пра фактычны выхад з ядравай дамовы, а тым часам у розных частках краіны адбываюцца масавыя пратэсты. Куды можа павярнуць сітуацыя ў Тэгеране, і як яна адаб’ецца на пазіцыях Ірану ў рэгіянальных канфліктах? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Аўтар фільму «Сірыя. Напад на Ражаву» Вітальд Рэпетовіч: «Палову Сірыйскага Курдыстану кантралююць расейцы»

Калі Турцыя атакавала курдскую аўтаномію ў Сірыі, вядомую як Ражава, беларус і два палякі трапілі ў цэнтр падзеяў з тэлекамерай. Яны знялі дакументальны фільм «Сірыя: напад на Ражаву», які «Белсат» паказаў адразу пасля «Прасвету» 17 студзеня.

Інтэрв’ю з аўтарам стужкі Вітальдам Рэпэтовічам пра пагаршэнне сітуацыі курдаў у Сірыі і пра тое ці будзе лібералізацыя ў Іране, які трэці раз за 20 год ахапілі масавыя пратэсты. Наш суразмоўца некалькі дзён назад вярнуўся з Тэгерану.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.