Новы карупцыйны трэнд у Беларусі: красці з дзіцячых сталовых


У Гомлі ўзбуджаная крымінальная справа па факце крадзяжоў харчовых прадуктаў для школьных сталовых. Падазраваныя 11 асобаў. Арганізавала аферу загадчыца складу камбіната школьнага харчавання. Адначасова ў Менску ішоў працэс, на ім судзілі экс-кіраўніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргея Барысевіча і трох былых працаўнікоў камбінату школьнага харчавання. Іх падазраюць у крадзяжах і махлярствах. Відочна, красці з дзіцячых сталовых – новы карупцыйны трэнд у Беларусі. На судзе прысутнічаў карэспандэнт «Белсату» Арцём Лява:

«Сёння быў першы дзень працэсу. Пракуратура агучыла свае прэтэнзіі, адвакаты сваю пазіцыю. Сёння на лаве падсудных з Сяргеем Барысевічам сядзелі Браніслаў Рослік з жонкай Ларысай. Рослік – гэта дырэктар камбіната школьнага харчавання, Ларыса – кладаўшчыца. А таксама Аляксандра Мамацюк – галоўная бухгалтарка. Вось гэтую групу і абвінавачваюць у хабарах і крадзяжы…»

Мы спыталі жыхароў Гомля, ці чулі яны пра факты крадзяжу ежы са школьных сталовых і што яны думаюць на гэты конт?

Журналіст Андрэй Толчын (Гомель) на сувязі са Студыяй:

«Апытанне паказала, што нізкія заробкі і сама сістэма правакуюць людзей проста красці. Яны крадзяжамі і займаюцца вось такім чынам. Калі я яшчэ быў дэпутатам, мы рабілі спробу нейкім чынам змяніць гэта. І ў нас гэтыя абеды замяняліся тым, што дзецям пад распіску даваліся грошы. Але гэтае рашэнне гарадскога савету потым было змененае, і зараз зноў існуе старая сістэма, дзе зверху ўніз ідзе размеркаванне, а дзе размеркаванне, там і карупцыя…»

belsat.eu