Нізкія заробкі выціскаюць з краіны працаўнікоў


Мара пра абяцаныя «па 500» больш не грэе беларускіх работнікаў. Усё больш адмыслоўцаў у розных сфераў выбіраюць працоўную міграцыю замест чакання эканамічных цудаў. А ўлады, падаецца, цалкам задаволеныя гэтым становішчам.

Госць Святланы Калінкінай у студыі праграмы «Размова дня» – эканамічны аглядальнік «Белсату» Стась Івашкевіч – зазначае, што грамадзяне, якія з’язджаюць на працу, – сталыя пастаўнікі валюты. Да таго ж у іншыя краіны выпраўляюцца самыя актыўныя, тыя, хто можа стварыць нязручнасці на радзіме.

«Малыя заробкі выціскаюць людзей за мяжу ці проста нежаданне жыць у Беларусі? Хутчэй за ўсё, гэта ўсё ж такі малыя заробкі, бо беларусы лічацца, як я чуў, такою нацыяй хаталюбівай».

Адмыслоўцы, якія пакідаюць суседнія краіны, часта замяшчаюцца менш кваліфікаванымі кадрамі. Так Расея развязала праблемы з нястачаю прыбіральнікаў дзякуючы гастарбайтарам з Блізкага Усходу. Магчыма, і ў Беларусі варта чакаць наплыву прыезджых?

На гэтае ды іншыя пытанні шукайце адказ у праграме «Размова дня» са Святланаю Калінкінай і эканамічным аглядальнікам тэлеканалу «Белсат» Стасем Івашкевічам.