На гэты год запланаваны запуск БелАЭС, і тыя, хто выступае супраць яе будаўніцтва, сярод іншага спасылаюцца на досвед Чарнобылю. Аварыю на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. называюць найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі. Галоўны ўдар прыняла на сябе Беларусь.
Паводле звестак 2016 г., 13,4 % тэрыторыі рэспублікі ўсцяж забруджаныя, а пад медычным наглядам застаюцца 1,5 млн людзей, сярод якіх 72,5 тыс. удзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Сёння дзяржава не толькі зменшыла сацыяльную дапамогу, якую яны атрымлівалі, але і не спяшаецца даваць тую, што ім належыць. Тое, як на справе выглядае сацыяльная абарона ліквідатараў і пацярпелых, расказалі яны самі.
Юрыя Петрушэнку мабілізавалі на зборы і накіравалі ў раён Чарнобылю, дзе ён і прабыў з чэрвеня да кастрычніка 1986 г. Спачатку разам з хімбатальёнам ён браў удзел у «апрацоўванні» вёсак, а пазней – самога рэактару, чацвёртага энергаблоку. Пасля гэткай службы пачаліся праблемы са здароўем – «штогод па лякарнях ляжаў». Паводле Юрыя, з ягонага батальёну, які налічваў 500 чалавек, праз 34 гады засталося каля сотні. За ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС ён атрымаў кватэру ў Менску. Яго таксама прызналі інвалідам 2-й групы, якую праз 10 гадоў змянілі на 3-юю. Яшчэ праз 10 гадоў інваліднасць знялі ўвогуле.
«Дваццаць гадоў быў на групе. Потым знялі. Выходзіць – выздаравеў», – горка жартуе Юрый Петрушэнка.
Цяпер ён не мае ніякіх льготаў, якія належаць не толькі ліквідатару аварыі, але і проста пацярпеламу ад яе. Ён так і не выйшаў на пенсію ды працуе дворнікам у дзіцячым садку, але грошай на лячэнне падарванага здароўя не стае.
«Гэта мала, – кажа Юрый Петрушэнка пра сваю зарплату. – На лекі трэба колькі! Адных толькі лекаў трэба купіць на 200–300 рублёў, каб нармальна ўзяць і лячыцца. Добра, калі атрымаеш 300–400 рублёў».
Ігар і Таццяна Кудзян ажаніліся 26 красавіка 1986 г. – у дзень аварыі. Праз месяц Ігара мабілізавалі на зборы і накіравалі патруляваць 30-кіламетровую зону вакол Чарнобыльскай АЭС. Праца там абярнулася стратаю двух дзяцей: сын памёр праз месяц пасля нараджэння, а дачка – адразу. Лекары сказалі, што калі муж – ліквідатар, то варта або пачакаць 10 гадоў, або адмовіцца ад ідэі мець дзяцей увогуле. Сам жа Ігар Кудзян займеў шэраг хранічных хваробаў, якія чыноўнікі не хочуць звязваць з ягоным часам у 30-кіламетровай зоне.
«І гэтыя захворванні якраз звязаныя з ЧАЭС, бо мы маем дакументы, – кажа Таццяна Кудзян. – Гэтыя дыягназы былі пастаўленыя ў 2004 г. нашымі медычнымі [установамі – заўв. besat.eu]. Але цягам 15 гадоў гэтых дыягназаў проста не прымалі. І толькі ў 2019 г. я прыйшла на прыём да намесніка кіраўніка Адміністрацыі [Прэзідэнта РБ – заўв. besat.eu] Рыжанкова, паказала дакументы, кажу: «Як жа так? Дыягназы пастаўленыя ў Беларусі, але іх не прымаюць». І толькі ў 2019 г. нам выдалі новае заключэнне, і гэтыя дыягназы былі ўпісаныя. Але гэта прайшло 15 гадоў!»
У свой час Ігар Кудзян меў савецкае пасведчання ліквідатара і медаль «Удзельніку ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі», але цяпер гэтага медаля няма.
«Мая жонка кінула гэты медаль у твар былому міністру абароны Жадобіну, – прыгадвае Ігар Кудзян. – Можа, ён яго носіць дагэтуль. Можа, ён лічыцца ліквідатарам?»
Ігар Вакалюк у маленстве з бацькамі прыехаў 27 красавіка 1986 г. у госці да бабулі ў вёску за 15 км ад Чарнобылю. Праз тыдзень іх эвакуявалі, але гэтага хапіла, каб пачаліся праблемы са шчытападобнай залозай. Пазней у Ігара Вакалюка выдалілі палову гэтага органа праз пухліну, і ён цяпер застаецца пад медычным наглядам. Але дзяржава не звязвае ягоных праблемаў са здароўем з аварыяй на ЧАЭС і не дае ані яму, ані ягоным бацькам статусу пацярпелых.
«Нас не прызнавалі. Не прызналі да гэтай пары, – кажа Ігар Вакалюк. – Хаця ёсць афіцыйны дакумент: нехта падказаў маме, што трэба ўзяць [пасведчанне – заўв. besat.eu], што мы ў той час былі ў вёсцы, што былі эвакуяваныя з 30-кіламетровай зоны».
Але і дакумент пра знаходжанне ў 30-кіламетровай зоне не дапамог маці Ігара Вакалюка, якая доўга змагалася за атрыманне для сваякоў статусу пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
«У свой час мая маці вельмі шмат хадзіла па дзяржустановах. Але ў адзін момант ёй сказалі: «Вас туды ніхто не пасылаў», – выказваецца Ігар Вакалюк.
Цяпер ён сабраў пакет дакументаў, каб ісці з імі ў суд.
Іван Віткоўскі ў 1986 г. працаваў электрыкам на ЧАЭС і жыў у Прыпяці. Падчас ліквідацыі аварыі ён атрымаў вялікую дозу апраменьвання, але выжыў. Ён звязвае гэта сярод іншага з моцным здароўем і добрай спадчыннасцю.
«У выніку я злавіў буйную дозу радыяцыі, цела гніло, амаль распадаўся. Мой дыягназ гучаў «арганічнае паражэнне галаўных мазгоў радыяцыйнага генезу», але я заўжды быў здаровым чалавекам, з добрай генетыкай. Магчыма, таму ўдалося выжыць», – разважае Іван Віткоўскі.
На ягоную думку, яму пашанцавала не толькі са здароўем, але і з прызнаннем аварыі на ЧАЭС як прычыны ягоных хваробаў. Цяпер ён атрымлівае пенсію для 3-й групы інваліднасці.
«Мне ў гэтым плане крышку больш пашанцавала, – кажа Іван Віткоўскі – Мне дыягназ звязалі з Чарнобылем амаль адразу. Групы [інваліднасці – заўв. besat.eu] не было, а захворванне звязанае».
Крыўдуе Іван Віткоўскі на новы закон, паводле якога замест старога савецкага пасведчання ўдзельніка ліквідацыі аварыі на ЧАЭС хочуць даць пасведчанне пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС.
«Для мяне асабіста самае важнае, крыўднае, што я цяпер не ліквідатар. У Беларусі ж ліквідатараў ужо няма – усе пацярпелыя. Гэта ўсё адно як у ветэранаў вайны: замест «браў удзел у ваенных дзеяннях» яму – «ён перажыў вайну», – тлумачыць Іван Віткоўскі.
Якія заданні выконвалі гэтыя людзі ў 30-кіламетровай зоне, як гэта адбілася на іхным здароўі і, галоўнае, як да іх сёння ставіцца дзяржава, раскажуць яны самыя, а таксама патлумачаць, чаго яны патрабуюць ад чыноўнікаў. Не засталася без увагі і Беларуская АЭС, якую будуюць каля Астраўца.
У размове таксама бяруць удзел эксперт у галіне атамнай энергетыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, Валерый Гурачэўскі і экаактывістка Вераніка Яновіч.
Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.
Калаж з фота: Денис Резник