Навошта польская апазіцыя блакавала трыбуну ў парламенце?


«Мы не цікавімся палітыкаю. Але нармальна, калі чалавек бачыць, што адбываецца, і хоча прыйсці ды паказаць, што гэтак быць не павінна», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі пратэсту.

Усё пачалося яшчэ ў пятніцу. Тады зʼявілася прапанова ўладаў аб абмежаванні працы медыяў у польскім парламенце. Супраць выступіла апазіцыя. Аднаго з дэпутатаў выключылі з паседжання Сейму. У выніку апазіцыя заблакавала залу пленарных паседжанняў. Галасаванне аб бюджэце праходзіла ў зале побач.

Апазіцыя абвінаваціла кіроўную партыю ў парушэннях і запатрабавала паўторнага галасавання. А ля будынку сабраліся іхныя прыхільнікі, якія заблакавалі ўсе выхады і не выпускалі палітыкаў. У выніку паліцыя расчысціла дарогу з выкарыстаннем сілы. З адмысловым зваротам выступіла прэмʼер краіны.

«Сітуацыя выказвання апазіцыяй скрайніх палітычных эмоцыяў ня мае нічога супольнага з сапраўднаю сітуацыяй у нашай краіне. Усё наадварот. Гэта бяссілле, разгубленасць тых, хто страціў уладу і ня мае ідэяў, як пераканаць палякаў», – заявіла кіраўніца польскага ўраду Бэата Шыдла.

Каб суняць хвалю пратэстаў у справу ўмяшаўся прэзідэнт краіны Анджэй Дуда. Ён запрасіў да сябе на спатканне лідараў усіх парламенцкіх партыяў.

«Скажу крыху загадкава: у мяне было ўражанне, што прэзідэнт разумее нашыя перакананні. Але кажу тут выключна пра маё ўражанне», – кажа лідар апазіцыйнай партыі «Новочэсна» (Nowoczesna) Рышард Пэтру.

І ня толькі ўражанне. Маршалак сенату Станіслаў Карчэўскі пераконваў сёння пасля сустрэчы з журналістамі, што ня будзе абмежаванняў у іхнай працы без узгаднення новых правілаў, якія агучаць 6 студзеня.

Адзначым, што падтрыманне для кіроўнае партыі «Закон і справядлівасць» застаецца стабільным. Паводле апытання CBOS, за кіроўную партыю гатовыя аддаць свой голас 36 % з тых, хто дэклараваў свой удзел у выбарах. Дзве наступныя апазіцыйныя партыі, «Грамадзянская платформа» і «Новочэсна», маюць разам меншае падтрыманне.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»