Настаўніка асудзілі па ананімцы. Міліцыя: «Нашыя дзеянні прызнаныя судом законнымі!»


Год таму да Яўгена Воўка з вёскі Вялікая Рагозніца Мастоўскага раёну завітаў участковы. Свой візіт праваахоўнік патлумачыў ананімным даносам на самагонаварэнне ды захоўванне фарбаванага калгаснага паліва.

«Дызельнае паліва мне патрэбнае было для аднаўлення згарэлага дому. На цяжкавіку я вазіў будаўнічыя матэрыялы. Бліжэйшая заправачная станцыя знаходзіцца адсюль за 25–30 км», – тлумачыць Яўген.

Тады ў Яўгена вынялі 370 літраў саляркі, не паказаўшы ні судовай пастановы, ні санкцыі пракурора на ператрус. Нават наяўнасць чэкаў на салярку на праваахоўнікаў не паўплывала.

«Я пачаў пісаць скаргі ў Мастоўскі суд. Ён – не рэагуе. Я вымушаны быў звярнуцца ў адміністрацыю кіраўніка краіны. Як рэакцыя – быў візіт начальніка адукацыі і пракуратуры ў школу, – распавядае спадар Воўк. – У гэтай сувязі я зразумеў, што мне неабходна зрабіць выбар: або даводзіць справу [аб выманні паліва] да лагічнага заканчэння, або працягваць працаваць у школе».

Мaю прaвa
Жорсткае затрыманне ў Рэчыцы: надзелі кайданкі, сцягнулі вопратку
2020.03.04 19:05

Яўген зрабіў выбар: ён звольніўся з пасады настаўніка грамадазнаўства. За наступныя 10 месяцаў маладзён сабраў вялікую тэчку папераў ліставання з дзяржаўнымі ўстановамі. Сярод іншага, маючы на тое законнае права, Яўген запатрабаваў уласнай прысутнасці на экспертызе вынятага паліва. Але ягоны запыт папросту праігнаравалі.

«Колькасць вынятага паліва не супадала з колькасцю пададзенага на экспертызу. Я мяркую, што вадкасць была іншая, не тое дызельнае паліва, якое я набываў законна, не мая маёмасць», – распавёў Яўген карэспандэнту «Маю права».

Ні гэты факт, ні заява панятой, што пад пратаколам вымання паліва стаіць не ейны подпіс, на судовы вынік не паўплывалі: Яўгену прысудзілі штраф 20 базавых велічыняў.

«Я падаў у суд на пастанову міліцыі. Суддзя Цыбульскі Мастоўскага раёну адмяняе справу, накіроўвае на новы разгляд у сувязі з тым, што не былі ўлічаныя ўсе довады, і справа не даследаваная цалкам, аб’ектыўна, усебакова. Адпраўляе справу нанова міліцыі», – кажа Яўген.

Мaю прaвa
Суд пастанавіў, што рабочы мусіць выплаціць «Беларуськалію» $ 2 000 000
2020.03.11 19:05

У міліцыі ж ніякіх дадатковых следчых дзеянняў не праводзілі – проста павялічылі штраф Яўгену Воўку з 20 да 40 базавых. Далей былы настаўнік шукае праўды ў абласным судзе, там яму адмяняюць штраф 40 базавых, але 20 базавых усё ж такі пакідаюць.

Карэспандэнт «Маю права» патэлефанаваў першаму намесніку кіраўніка Мастоўскага РАУС Аляксандру Кірылаву, каб той пракаментаваў справу Яўгена Воўка:

«Ёсць рашэнне суда! Нашыя дзеянні прызнаныя судом законнымі! Судовае рашэнне мае канчатковы моц. Там усе ягоныя [Я. Воўка] сумневы – усё адлюстравана! Таму, мне падаецца, казаць тут няма пра што».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка нагадвае: у межах адміністратыўнай справы праваахоўнік можа трапіць на прыватную тэрыторыю толькі з дазволу ўласніка. Калі ж у дзеяннях праваахоўнікаў або суддзяў ёсць прыкметы неправамернасці, варта патрабаваць праверкі.

«У тых умовах, у якіх мы жывем, дзеянні суддзі трэба абскарджваць старшыні суда, дзе працуе суддзя. А дзеянні працаўніка і кіраўніка РУУС падлягаюць абскарджанню ва ўпраўленні ўласнай бяспекі таго кірунку, дзе ён працуе», – раіць юрыст.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Піларама падзяліла вяскоўцаў
  • Жыхар вёскі Басманоўка абараніўся ад Менаблгазу
  • Перакладчыку аддалі вынятую маёмасць толькі праз два гады

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.