У Палату – не ўваходзіць! Не, не ў шпітальную палату… «Дзякуй вялікі калегам, якія ўвялі ў курс справы», – казала Марыя Васілевіч.Дэлегацыя Еўрапарламенту прыбыла з візітам у Беларусь. Аднак сапраўдныя дэпутаты сустракацца з прызначэнцамі ў іхным будынку адмовіліся.
«Дадзеная сустрэча не будзе праведзеная з віны еўрапейскага боку!», – заявіў прызначаны ў Палату Прадстаўнікоў Андрэй Савіных. Так і хочацца працытаваць яшчэ аднаго прызначэнца…
«Заткнісь!» (Прафесар Ігар Марзалюк да мітынгоўцаў 15.03.2017)
Еўрапейскі бок надзіва ж патлумачыў сітуацыю ясна.
«Мы не можам прызнаць Нацыянальнага сходу легітымным, бо мы маем абгрунтаваныя сумневы наконт правядзення выбараў», – заявіў дэпутат Еўрапарламенту Пятрас Аўштравічус.
Згадалі еўрадэпутаты і пра Астравецкую АЭС, і пра масавыя і шматгадовыя выракі для моладзі паводле артыкулу 328, і адміністратыўны пераслед дзеячаў апазіцыі. На пераследзе абаронцаў незалежнасці ўлады зарабілі амаль 65 тысяч долараў, дадаткова асудзіўшы 13 чалавек амаль на 375 содняў арышту. Сабралі праваабаронцы і прозвішчы суддзяў ды сведкаў-міліцыянтаў.
«Зараз у нас нармалізуюцца адносіны з Еўропай. Калі вы такія еўрапатрыёты, думайце, што вы робіце. Вам патрэбна страта тэрытарыяльнай цэласнасці?», – казаў некалі ўсё той жа прафесар Ігар Марзалюк, лаўрэат ордэну Пашаны.
І ўсё гэта на фоне недамоўленасцяў з Расеяй і падзення ВУП у студзені на 1,9 %.
«Сацыяльна-эканамічна гэта не самы лепшы час для Беларусі, па-мойму. Ёсць, па-мойму, пачуццё нявызначанасці», – заўважыў еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус.
«На жаль, сёння нашая працягнутая рука засталася пустой», – канстатаваў прызначэнец Андрэй Савіных.
Фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum
Вітаўт Сіўчык, «Субʼектыў», «Белсат»