Зміцер Кучук: «Цяпер ніводная акцыя ў Беларусі не можа прайсці ў легальным полі»


Упершыню за 30 гадоў «Чарнобыльскага шляху» у Менску не будзе. Аргкамітэт адклікаў заяўку, хоць чыноўнікі далі дазвол на правядзенне акцыі.

Улады паведамілі, што арганізатары мусяць аплаціць паслугі міліцыі (а гэта 5700 рублёў), а таксама медыкаў і камунальнікаў (240 і 215 рублёў адпаведна). Заяўнікі на гэткі пабор на карысць дзяржаўных службаў, праца якіх і так аплочваецца з бюджэту, то бок з падаткаў грамадзянаў, не пагадзіліся ад самага пачатку.

Між тым а 18 гадзіне 26 красавіка каля Акадэміі навук усё адно збіраюцца выйсці неабыякавыя людзі. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук.

«Я хачу, каб нас зразумелі. Праблема не ў грошах. Праблема ў тым, што мы прынцыпова не гатовыя плаціць. Мы не будзем плаціць. Бо цяпер складваецца такая сітуацыя, што любая акцыя: Дзень Волі, велапрабег, марафон – калі вы не звязаныя з дзяржбюджэтам, вас прымусяць плаціць. Цяпер ніводная акцыя ў Беларусі не можа прайсці ў легальным полі. Ствараецца прэцэдэнт, калі ўсе акцыі ў нейкай ступень будуць з’яўляцца несанкцыяванымі. Таму, каб не падстаўляць заяўнікаў, каб праявіць салідарнасць з тымі людзьмі, якія гатовыя пратэставаць, – а тут трэба змагацца, трэба абараняць сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы, бо гэта прапісана ў нашай Канстытуцыі – я і лідары партый прыйдзем у 18 гадзін да Акадэміі навук, каб заявіць аб сваёй пазіцыі…»

Працяг размовы – у сюжэце.

belsat.eu