Намеснік старшыні БАЖ: Міліцыянты павінны цярпець, калі іх здымаюць на камеру


Найчасцей у нашай краіне, калі гаворка вядзецца пра нейкі клопат дзяржавы аб грамадзянах, насамрэч маецца на ўвазе новая забарона ці ўзмацненне кантролю. Затурбаваліся пра беспрацоўных – плаціце падатак на дармаедства. Устрывожыліся сямейным гвалтам – давайце чыноўнікі будуць забіраць дзяцей з сем’яў. Зараз чытаем: «Дзеля забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны кожнага грамадзянска-прававымі сродкамі ад незаконнага ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё, скасавання прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні выкарыстоўвання і аховы выявы грамадзяніна ў грамадзянскім заканадаўстве прызнана неабходным унясенне адпаведных зменаў у Грамадзянскі кодэкс».

Прыгожа гучыць: улады заклапаціліся абаронай прыватнага жыцця грамадзяніна. Але давайце прачытаем удакладненне ад Грамадскай рады пры Міністэрстве ўнутраных справаў: «Трэба абараніць ад умяшальніцтва ў іх прыватнае жыццё, у тым ліку, працаўнікоў органаў унутраных справаў і вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзяцца пры выкананні службовых абавязкаў». Інакш загучала, праўда?

На відэасувязі з Менску намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў:

«Выклікае занепакоенасць, што ў той аргументацыі, якая цяпер гучыць, нічога не гаворыцца пра неабходнасць захавання свабоды выказвання, свабоды на распаўсюд інфармацыі, і нам, у БАЖ, падаецца, што першапачаткова трэба вызначацца з тым, як бараніць таямніцу ўласнага жыцця фізічных асобаў з улікам таго, каб не была закранутая свабода выказванняў і распаўсюду інфармацыі. […] Трэба адрозніваць. Калі мы кажам пра прыватнае жыццё фізічнай асобы, то гэта не датычыцца службовых асобаў, якія працуюць ад імя дзяржавы. А вось менавіта іх прыватнае жыццё ў гэтым выпадку не закранаецца. […] Гэта спроба захаваць нейкія злачынствы, якія час ад часу ўсё ж выходзяць на свет, створаныя міліцыянтамі, і гэта таксама іх палохае. […] У выпадку, калі нейкія негалосныя аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ажыццяўляюцца, вось тады забарона на іх здымкі можа быць абгрунтаваная, але ў астатніх выпадках яны павінны цярпець і быць гатовыя да таго, што ўвесь свет пабачыць, як яны выконваюць свае службовыя абавязкі…»

Працяг размовы – у сюжэце.