Нафтавая дыверсіфікацыя Лукашэнкі. Блеф ці рэальныя планы? «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Галоўнае вакол Беларусі за мінулы тыдзень. Тэмы праграмы:

Аляксандр Лукашэнка, крэдыт ЗША ды ініцыятыва Трохмор’я. Ці гэта спрацуе?

Дыверсіфікацыя паставак энерганосьбітаў! Не – залежнасці ад аднаго рынку нафты. ЗША і ледзь не ўсе суседзі – практычна пашыхтаваліся ў чаргу, каб вызваліць Беларусь з энергетычнай залежнасці ад Расеі. Такое ўражанне магло стварыцца ў слухачоў нарады Аляксандра Лукашэнкі. Усевалад Шлыкаў уважлівей прыгледзеўся да планаў аб нафтавай незалежнасці нашае краіны.

Пуцін ці Эрдаган, хто каго перагуляў?

Агонь – спыніць, калідор бяспекі і супольнае патруляванне – арганізаваць. Гэта вынікі шасцігадзінных перамоваў прэзідэнтаў Расеі ды Турцыі Уладзіміра Пуціна і Рэджэпа Эрдагана аб сітуацыі ў Сірыйскай правінцыі Ідліб. Што гэта, перамога расейскай дыпламатыі, часовае замірэнне ці пачатак глабальнага развязання канфлікту ў Сірыі, які цягнецца практычна дзевяць гадоў? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Ці Крэмль выведзе расейскае войска з Малдовы?

Ветэраны вайны патрабуюць, каб расейскае войска пакінула тэрыторыю Малдовы. Расейскі кантынгент застаецца там з пачатку 90-х. Тады частка гэтай дзяржавы, што ляжыць на левым беразе Днястра, аддзялілася і абвесціла непрызнаную нікім незалежнасць. Кішынэў спрабаваў сілай утрымаць цэласнасць, але не ўдалося. Канфлікт застаецца замарожаны амаль 30 гадоў, аднак малдаване імкнуцца вярнуць інтэгральнасць краіны. Удзельнікі той вайны і пратэставалі на мінулым тыдні.

Дан Ніку, палітолаг з Малдовы, ў «Прасвеце».

Каронавірус панікі і дэзінфармацыі. Як працуе страх?

Звесткі Сусветнай арганізацыі здароўя паказваюць, што каронавірус – утрая мацнейшы за грып. Гэта не мала і не шмат. Дакладная статыстыка будзе толькі пасля заканчэння эпідэміі. Эпідэмія панікі, звязАнай з каронавірусам, распаўсюдзілася значна шырэй ды звязаная не са статыстыкаю. Гэта вынік фэйкаў, чутак, візуальных і медыя-эфектаў, а таксама страху перад невядомым.

У Казахстане пачынаецца пажар. Чаму не сыходзіць Назарбаеў?

Казахстан нагадвае тарфянік. На паверхні ўсё больш-менш спакойна, але ўнутры ўжо пачынаецца пажар. Так сітуацыю апісвае палітолаг Дасым Сатпаеў. Іскраю для масавых пратэстаў стала смерць грамадскага актывіста Дуўлата Агадыйла ў следчым ізалятары. Нязгодныя спрабавалі выйсці на мітынгі, а ўлады хутка зняць з сябе адказнасць, адначасова нагадваючы: яны не гатовыя мірыцца з іншадумствам. Як канчаецца адліга ў Казахстане і чаму Назарбаеў не сыходзіць з палітыкі? Падрабязнасці – у матэрыяле Святланы Аўчаровай.

Фота на прэв’ю: Natalia Fedosenko/TASS/Forum

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.